Пацёмкінскія вёскі ў Расеі і Беларусі: дзе болей крэатыву?


Падман зроку найвышэйшага разраду: штучныя вокны, дрэвы і нават коткі! Руплівыя чыноўнікі падрыхтавалі Суздаль да прыезду Уладзіміра Пуціна.

Расейскі Суздаль паскоранымі тэмпамі рыхтавалі да прыезду прэзідэнта. Той меўся наведаць горад 7–8 лістапада. Чыноўнікі знайшлі экспрэс-метад пазбавіцца ад напаўразбураных дамоў, якія псуюць выгляд гораду: іх… абгарнулі ў банеры, якія імітуюць адрамантаваныя фасады. У «вокнах» намаляваныя вазоны з кветкамі, а «на фоне дамоў» – коткі. Толькі Суздаль не дачакаўся Пуціна да сёння…

У Беларусі цыраты з «вокнамі» прыдумалі яшчэ некалькі гадоў таму. «Белсат» узгадаў самыя недарэчныя выпадкі рыхтавання да візітаў Аляксандра Лукашэнкі.



Пафарбавалі толькі фасад або 1-ы паверх



Фота camarade.biz

У Жлобіне, які сёлета ў верасні ўпарадкоўвалі да «Дажынак», на вул. Дзяржынскага пафарбавалі адно фасадную частку жылых дамоў. А на вул. Барташова – і ўвогуле толькі першы паверх дому, побач з якім падчас свята стаялі гандлёвыя шапікі.

Спалілі вёску

{movie}У чаканні Лукашэнкі ў Віцебску спалілі вёску. Відэа – “Народныя навіны Віцебска”|right|13402{/movie}

У снежні 2012 года напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Віцебск спалілі вёску Паўловічы, адселеную яшчэ ў 1992-м.

Балота пакрылі асфальтам

Фота tut.by

У лістападзе 2012 года да візіту высокага госця рыхтавалася прадпрыемства «Магілёўдрэў»: тэрмінова прыбіралі тэрыторыю і клалі асфальт проста ў бруд.

У дом пасялілі зялёнага змея

Фота tut.by

Летась да галоўнага сялянскага свята краіны рыхтавалі Горкі. Дзякуючы гэтаму з’явіліся вось такія архітэктурныя «шэдэўры» (верасень 2012 года).

Памылі вуліцу перад дажджом

Летась напярэдадні адкрыцця «Славянскага базару» дворнікі ў Віцебску да прыезду галоўнага гледача памылі вуліцу – нягледзячы на тое, што на вечар сіноптыкі абяцалі дождж (ліпень 2012 года).

Пацёмкінскі плот з калючым дротам

Фота БелаПАН

У Бабруйску, наводзячы марафет перад прыездам Лукашэнкі, пафарбавалі толькі палову плота (студзень 2012 года).

Пасеклі вішні з ягадамі

Фота Еўрарадыё

У 2011 годзе Лукашэнка наведаў камбікормавы завод у Глыбокім. Напярэдадні на вул. Леніна ў прыватным сектары зрэзалі галіны вішняў, якія выступалі з-за плоту, не даўшы сабраць з іх ягады.

Пафарбавалі капыты

У 2010-м з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Чэрыкаўскім раёне ў чаканні Лукашэнкі каровам пафарбавалі капыты і памылі рогі шампунем.

На хрушчоўкі павесілі вокны

Фота charter97.org

У Лідзе пацёмкінскія цыраты выкарыстоўвалі і пяць гадоў таму. Напярэдадні 685-годдзя гораду камунальнікі гэтак асвяжылі адсырэлыя і пакрытыя грыбком хрушчоўкі (кастрычнік 2008 года).

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў