Украіна прыпыняе інтэграцыю з Еўразвязам


Кабінет Міністраў Украіны матываваў рашэнне прыпыніць рыхтаванне Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ неабходнасцю развіцця эканамічных адносінаў з Расеяй ды СНД.

Патрабаванне Еўразвязу аб вызваленні экс-прэм’ера, лідаркі апазіцыйнай партыі «Батьківщина» Юліі Цімашэнкі было галоўнаю ўмоваю ў справе Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і Еўразвязу, якое меліся падпісаць пры канцы лістапада на віленскім саміце «Усходняга партнёрства».

Каб развязаць «пытанне Цімашэнкі», апазіцыя прапаноўвала прыняць Закон аб лячэнні асуджаных за мяжою – тады палітык змагла б паправіць здароўе на Захадзе.

Разгляд адпаведнага законапраекту ў Вярхоўнай Радзе некалькі разоў адкладаўся. Раней паведамлялася, што Кіеў мусіў выканаць усе патрабаванні ЕЗ да паседжання Рады Міністраў замежных справаў ЕЗ 18 лістапада. Аднак затым Еўрапарламент працягнуў мандат сваёй украінскай місіі да канца лістапада.

21 лістапада парламент Украіны адхіліў усе шэсць законапраектаў, прапанаваных апазіцыяй. Такім чынам, галоўная ўмова Еўразвязу гэтак і засталася нявыкананая, хоць да саміту, на якім планавалася падпісаць пагадненне, застаецца некалькі дзён.

Пастанову аб прыпыненні рыхтавання да Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ падпісаў сёння ўкраінскі прэм’ер Мікалай Азараў. Паводле дакументу, рашэнне прынялі «з мэтаю забеспячэння нацбяспекі, больш дэталёвага вывучэння і апрацоўвання комплексу захадаў, якія неабходна ажыццявіць для аднаўлення страчаных аб’ёмаў вытворчасці ды кірункаў гандлёва-эканамічных адносінаў з РФ і іншымі дзяржавамі – чальцамі СНД».

Пры гэтым прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, які знаходзіцца з візітам у Вене, заявіў, што Кіеў працягне ісці шляхам еўрапейскай інтэграцыі, нягледзячы на цяжкасці.

Расейскі лідар Уладзімір Пуцін адзначыў сёння, што Расея не супраць суверэннага выбару Украіны ў справе інтэграцыі з Еўропай, але абсалютна супраць яе далучэння да NATO.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua, ria.ru

Стужка навінаў