Адзін з самых трывалых шлюбаў у свеце пачаўся з уцёкаў у Нью-Ёрк


Амерыканцы Джон і Эн Бэтар адсвяткуюць 81-я ўгодкі шлюбу 25 лістапада.

Звяз Бэтараў стаў самым доўгім у ЗША. Падлікамі займаліся кіраўнікі хрысціянскай праграмы «Worldwide Marriage Encounter».

А пачалося ўсё 25 лістапада 1932 года, калі маладыя, сем’і якіх жылі побач у сірыйскай дыяспары, уцяклі на аўтамабілі ў Нью-Ёрк. На такі крок яны наважыліся пасля таго, як стала вядома, што бацька Эн збіраецца аддаць яе за мужчыну, старэйшага на 20 гадоў.

Запіс пра найдаўжэйшы шлюб у Кнізе рэкордаў Гінэса таксама родам з ЗША. Гэрбэрт Фішэр (нар. у 1905 г.) пражыў з Зэльміраю Фішэр (нар. у 1907 г.) 86 гадоў, 9 месяцаў і 16 дзён, да самай сваёй смерці ў лютым 2011 года. У пары было пяцёра дзяцей.

Джон, які ўжо адзначыў свой 102-і дзень народзінаў, узгадвае, як абураліся сем’і з іхных уцёкаў. Ягоная цётка тады пераконвала айчыма, што турбавацца няма пра што, бо такое сужэнства доўга не пратрымаецца.

Сакрэт доўгіх гадоў супольнага жыцця? «Уменне атрымліваць задавальненне ад таго, што маеш, і таго, што робіш, – гаворыць Джон. – Калі штосьці не атрымліваецца, трэба паспрабаваць гэта змяніць, а калі гэта немагчыма – проста прыняць як ёсць».

Паводле 98-гадовай Эн, сакрэт шчаслівай пары – у разуменні адзін аднога і камунікаванні, нягледзячы на розніцу поглядаў. Джон і Эн пабраліся шлюбам падчас Вялікай дэпрэсіі.

Святкуючы першую гадавіну супольнага жыцця, яны былі шчаслівыя ўжо таму, што маглі пад’есці. Джон зарабляў тады, разносячы гародніну. Дзякуючы гэтаму сям’я і выжыла ў цяжкія часы. Перш як стаць рыэлтарам і атрымліваць прыстойныя грошы, ён паспеў папрацаваць у бакалейніка.

Пара не пераязджала з 1964 года. Яны выхавалі разам пяцёра дзяцей. Жыццё не заўсёды было простым: цягам апошніх 15 гадоў спадарства Бэтары страцілі дачку і сына. Цяпер у іх 14 унукаў і 16 праўнукаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў