Баўмгертнера выдаюць Расеі


Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі ў Расею гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера.

Як паведамляе расейская Генпракуратура, якая выдавала адпаведны запыт, крымінальнаю справаю ў дачыненні топ-менеджара займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне расейскага Следчага камітэту. Расейскія праваахоўнікі вінавацяць Баўмгертнера ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ды арганізацыі злачыннай групы. Яму можа пагражаць да 10 гадоў зняволення.

Пра тое, што арыштаваны гендырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер можа быць перададзены Расеі, раней заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Я не крыважэрны. Я не да таго, што мы мусім іх пасадзіць. Пакуль мы не набралі больш стратаў, няхай кампенсуе гэтыя. Кампенсуе страты – мы ўжо будзем неяк круціцца, каб любімага вамі ды расейскім народам Баўмгертнера перадаць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для журналістаў з краінаў СНД.

Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня. Спачатку Следчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачанне ва злоўжыванні ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі. 4 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што «на падставе атрыманых следствам дадатковых звестак, узнікнення новых абставінаў Уладзіславу Баўмгертнеру ды іншым фігурантам крымінальнай справы ўдакладненае (дапоўненае) абвінавачанне».

Афіцыйна было абвешчана, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК нанеслі «Беларуськалію» і ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» страты да 100 млн долараў. Пазней прэс-сакратар Следчага камітэту Павел Траулька паведаміў, што сума стратаў можа значна вырасці.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары