Чаму землякі Дракулы шануюць у Чыкага беларускі надпіс?


https://youtu.be/GAVRFdrdAM4&list
На фразу, напісаную па-беларуску, можна зусім неспадзявана натрапіць у «горадзе гангстараў», шпацыруючы па адной з цэнтральных вуліцаў. Цяпер пра надпіс на беларускай мове дбаюць нарадзінцы Трансільваніі.

Ідзеш-брыдзеш па чыкагаўскай вуліцы нетаропкаю хадою, асабліва не азіраючыся па баках. І тут нечакана позірк сам упіраецца ў знаёмыя абрысы літараў на адным з будынкаў. Прыглядаешся больш пільна, і сэрца падскоквае: наўпрост на вуліцы амерыканскага гораду чытаю родныя словы. «Каб усе былі адно», – выкладзена мазаікай па-беларуску над дзвярыма. Побач – мазаіка ўваскрэслага Хрыста ў візантыйскім стылі ды напісы на лаціне, на грэчаскай і англійскай мовах. Як у такое суседства трапілі беларускія словы?

Памятка пра беларусаў у Чыкага

Аказваецца, цяпер у будынку месціцца румынская грэка-каталіцкая царква, але яшчэ 10 гадоў таму тут гаспадарылі беларусы. Беларускі грэка-каталіцкі прыход Хрыста Збаўцы паўстаў у Чыкага ажно ў 1955 годзе. Гэта была першая беларуская рэлігійная супольнасць у горадзе. Спачатку вернікі не мелі сваёй царквы, а збіраліся ў рымска-каталіцкіх капліцах. У 1959 годзе яны выкупілі будынак, які абсталявалі пад святыню. Тады ж на фасадзе царкоўнага будынку мазаікаю выклалі біблійныя словы «Каб усе былі адно» – духоўнае памкненне ўніятаў.
392_13_img 392_13_ico
На архіўных фота: Беларуская грэка-каталіцкая царква Хрыста Збаўцы ў Чыкага ў 70-х гадах.

У парафіі ў свой час працавалі беларускія рэлігійныя дзеячы а. Ян Тарасевіч і ягоны пляменнік біскуп Уладзімір Тарасевіч, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў на Захадзе.

Хоць беларускі ўніяцкі прыход не быў вялікі (налічваў толькі некалькі дзесяткаў сем’яў), ён гуртаваў пераважна актыўную інтэлігенцыю, якая надзвычай актыўна распаўсюджвала сярод амерыканцаў звесткі пра Беларусь і яе культуру. Шмат гадоў запар вернікі царквы ладзілі ў Чыкага беларускую ялінку ў межах міжнароднага Каляднага фестывалю ў Чыкага. У інтэрнэце захаваўся відэазапіс, зроблены ў 1978 годзе, на якім адзін з чальцоў уніяцкай супольнасці доктар Вітаўт Рамук распавядае амерыканцам пра беларускія традыцыі святкавання Калядаў. {movie}Вітаўт Рамук распавядае пра беларускія традыцыі святкавання Калядаў|right|13385{/movie}

Пры ўніяцкай царкве Хрыста Збаўцы наладзілі шырокую выдавецкую дзейнасць: публікаваліся разнастайныя кнігі ды часопісы на беларускай мове. Разам з праваслаўнымі беларусамі ўніяты ладзілі ў Чыкага ўрачыстае святкаванне Дня Волі.

Аднак з цягам часу колькасць беларускіх грэка-каталікоў у Чыкага значна зменшылася: прадстаўнікі паваеннай эміграцыі паўміралі, а іхныя дзеці ў значнай ступені асіміляваліся праз англійскаймоўную адукацыю і шлюбы з амерыканцамі. Таму ў 2003 годзе будынак царквы прадалі румынскім грэка-каталікам.

Як выглядае сёння былая беларуская царква?

Румыны, выкупіўшы царкву, шмат што ў ёй перарабілі, аднак беларускамоўнага надпісу над дзвярыма не чапалі. «Гэта ж святыя словы і памятка пра былых ўладальнікаў», – зазначыў адзін з цяперашніх парафіянаў Дымітрые (Dimitrie), які вызваўся паказаць царкву.

«Мы перарабілі іканастас, зрабілі яго з дрэва, бо беларусы мелі бляшаны, а таксама змясцілі ў царкве іконы, якія намаляваў наш румынскі мастак», – распавёў Дымітрые.


На фота: ікона, аздобленая ручніком з Трансільваніі

Ручнікі з беларускімі ўзорамі, што аздаблялі абразы, замянілі на румынскія, з адмысловаю вышыўкаю. «Мы, румынскія ўніяты, землякі Дракулы, паходзім пераважна з Трансільваніі, таму і ўзоры ў нас трансільванскія», – адзначыў Дымітрые.

Адзін з нешматлікіх напамінаў пра беларускасць царквы – абраз Маці Божай Жыровіцкай, які, як кажа легенда, аб’явіўся падлеткам-пастушкам у 1470 годзе на дзікай грушцы.

Вернікі з Румыніі не ведалі, што абраз мае беларускі радавод. «Мы стараліся расчытаць кірылічныя літары на іконе, але ніхто з нас не змог, хоць шмат хто з нас і вывучаў расейскую мову ў школе. Але ж там напісана на царкоўна-славянскай. Дзякуй, што сказалі, што ікона – з Беларусі», – падсумаваў Дымітрые.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары