У Магілёве ўпершыню прагучала опера Станіслава Манюшкі па-беларуску


У нас ёсць беларуская опера, яе цікава слухаць і цікава глядзець. Такую выснову ўчора маглі зрабіць жыхары Магілёва. На сцэне абласнога драматычнага тэатру трупа музычнага тэатру «Галерэя» пры падтрыманні Музычнага дому «Класіка» паказала камерную версію оперы Станіслава Манюшкі «Verbum Nobile», або «Слова гонару». Стваральнікі гэтай інсцэнізацыі кажуць, што яна ідэальная для тых, хто хоча падрыхтаваць сябе да ўспрыняцця класікі.

{movie}Навіны культуры|right|13386{/movie}

«Гэта опера кароткая, гэта не трагедыя, яе лёгка ўспрыняць, праз яе лёгка прыйсці да класічнай музыкі. Наша опера, як прыступка для тых, хто хоча падрыхтаваць сябе да класікі. І гэта эксклюзіў для Беларусі, бо на беларускай мове яна гучыць упершыню», адзначыла рэжысёр-пастаноўшчык Алёна Медзякова.

Прэм’ера «Verbum Nobile» ў Беларусі адбылася ў траўні ў сталіцы. Як тады адзначылі пастаноўшчыкі оперы, водгук быў моцны, і справу варта было працягнуць. Сусветная ж прэм’ера оперы Манюшкі адбылася яшчэ ў 1861-м у Варшаве, дзе ў той час кампазітар жыў і працаваў. Пазней оперу ставілі ў Польшчы і Расеі, на радзіме ж кампазітара яе не выконвалі ніколі. У цэнтры лірычна-камедыйнай оперы – каханне і змаганне з забабонамі часу.

«Нам вельмі спадабалася, і музыка, і спявалі добра», – цешацца глядачкі пажылога веку.

«Гэта дае спадзеў, што нешта ў нашай Беларусі адраджаецца. Што яшчэ прыйдзе час», – рэфлексуе глядач оперы.

Наступны паказ камернай оперы адбудзецца 24 лістапада на сцэне Палацу культуры прафсаюзаў у Менску.

Іншыя тэмы: На прэзентацыю альбому Тацяны Беланогай «Святло і цені» прыйшла рэкордная колькасць гледачоў. Караткевіча чыталі па-польску і па-нямецку на вечарыне «Караткевіч International» у межах фестывалю «Лятучы стол Караткевіча». Фотапраект «Масала» Алесі Філіпавай рэпрэзентавалі ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў