Тыя, каму пашанцавала, – на самоце. Іншыя – у турме ад разрыву сэрца. Былі і тыя, каго разадралі на кавалкі звар’яцелыя ад нянавісці змагары з дыктатарскім рэжымам.
Спакойная смерць аўтара іспанскага халакосту
38 гадоў таму памёр іспанскі дыктатар Франсіска Франка. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі грамадзянскай вайны ў 1936 г. У тым жа годзе Франка ачоліў нацыяналістычную прафашысцкую хунту і захапіў уладу ў Іспаніі на 39 гадоў, аж да свайго скону 20 лістапада 1975 г. Адзін з нешматлікіх дыктатараў, які памёр сваёй смерцю. Дакладнай лічбы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Франка не называюць, але згодна з некаторымі звесткамі, ад рук рэпрэсіўнага апарату Франка ў гады Грамадзянскай вайны (1936–1939) і ў мірны час маглі загінуць да 200 000 чалавек. Ахвярамі тэрору былі ідэалагічныя праціўнікі дыктара, сярод якіх анархісты, сацыялісты і камуністы.
Перадапошні дыктатар Еўропы памёр у Гаазе Былы прэзідэнт Югаславіі Слабадан Мілошэвіч памёр у турэмнай камеры Гаагскага трыбуналу. Першапачаткова высоўваліся версіі самагубства югаслаўскага ката, але судмедэкспертыза не знайшла пацверджання гэтай версіі. У 1999 г. (падчас канфлікту ў Косава) Мілошэвіч быў абвінавачаны ААН і НАТО ў ваенных злачынствах, парушэнні Жэнеўскай канвенцыі ды генацыдзе.
Так і не адседзеў сваіх пажыццёвых зняволенняў
Аргенцінскі дыктатар Хорхэ Рафаэль Відэля памёр ва ўзросце 87 гадоў ад сардэчнага прыступу ў турме, дзе ён адбываў пакаранне – некалькі пажыццёвых зняволенняў. Ён кіраваў Аргенцінаю ў перыяд так званай Бруднай вайны, а пазней быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці ды асуджаны на розныя тэрміны турэмнага зняволення за злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя ваеннаю хунтаю ў 1970–1980-я гг.
Смерць у шпіталі
У чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта таксама не вытрымала сэрца. Ён памёр у шпіталі ў асяроддзі сваёй сям’і. Пасля таго, як стала вядома пра смерць Піначэта, на вуліцы Сант’яга выйшлі тысячы праціўнікаў ягонага кіравання. Для разгону натоўпу, які святкаваў скон экс-дыктатара, былі ўжытыя вадамёты і слезацечны газ. Чылійскі дыктатар прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 1973 г., зрынуўшы прэзідэнта Сальвадора Аллендэ. За 17 гадоў кіравання Піначэта ў Чылі больш за 3000 чалавек былі забітыя ці зніклі без вестак.
Агонія, параліч і выгнанне з Маўзалею Леніна
Савецкі дыктатар Сталін памёр у агоніі на лецішчы. Паводле адной з версіяў, Іосіфа Вісарыёнавіча атруціў ягоны паплечнік у тэроры Лаўрэнцій Берыя (кіраўнік НКУС). Ёсць меркаванні гісторыкаў, што да смерці Сталіна мог спрычыніцца і ягоны наступнік Мікіта Хрушчоў. Спачатку забальзамаванае цела Сталіна было змешчанае ў Маўзалеі Леніна, але 30 кастрычніка 1961 г. XXII з’езд КПСС пастанавіў, што «сур’ёзныя парушэнні Сталінам ленінскіх запаветаў… робяць немагчымым пакіданне труны з ягоным целам у Маўзалеі».
Тры гадзіны катаванняў і гвалту. Смерць стала збавеннем Лідара лівійскай Джамахірыі Муамара Кадафі перад смерцю некалькі гадзінаў катавалі. Захопленага паўстанцамі 69-гадовага дыктатара, параненага і акрываўленага, згвалцілі палкаю або нажом. Некалькі дзён цела Кадафі ляжала ў лядоўні, а на мёртвага дыктатара прыходзілі паглядзець, як у цырк. Пасля яго разам з сынам таемна пахавалі. Паводле некаторых версіяў, цела спалілі. Кадафі зрынулі ў выніку грамадзянскай вайны ў Лівіі, якая пачалася пасля змены рэжымаў у суседніх Тунісе і Егіпце.
Ю.В., belsat.eu