Беларусь чакае рэферэндум


Улада падрыхтавала рэформу судовай сістэмы нашай краіны. Рэформа мае сінхранізаваць судовыя сістэмы краінаў-удзельніц Мытнага саюзу і прадугледжвае змены ў Канстытуцыі Беларусі. Згодна з планам рэформы прэзідэнцкая адміністрацыя запланавала ліквідаваць Вярхоўны гаспадарчы суд і злучыць яго функцыі з функцыямі Вярхоўнага Суда. У той жа час абласныя гаспадарчыя суды захаваюцца, але будуць перайменаваныя ў эканамічныя.

Распрацаваны праект рэформы таксама прадугледжвае стварэнне адзінай сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі, у якую ўвойдуць агульныя і гаспадарчыя суды, а ўзначаліць гэтую сістэму Вярхоўны суд.

Паводле намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыя Міцкевіча, прапановы ўжо абмеркавалі з усімі зацікаўленымі структурамі.

Гэтая рэформа дасць магчымасць уніфікаваць судовую практыку, забяспечыць аднастайнае тлумачэнне і ўжыванне ўсімі судамі нормаў матэрыяльнага права. Варта дадаць, што новая судовая сістэма Беларусі будзе дапасаваная да судовых сістэмаў Расеі ды Казахстану.

Абноўленая судовая сістэма павінна пачаць працаваць з 1 студзеня 2014 года. Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 снежня прадаставіць яму дапрацаваныя праекты ўказаў і дэкрэта па судовай рэформе.

Правесці судовую рэформу такога маштабу без зменаў Канстытуцыі ды правядзення рэферэндуму немагчыма. Калі адбудзецца рэферэндум пакуль невядома.



Апошні рэферэндум у нашай краіне адбыўся 17 кастрычніка 2004 г. На народнае галасаванне было выстаўленае толькі адно пытанне: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні?». Вынік рэферэндуму – 87,97 % прагаласавалі «за».

Ю.В. паводле БелТА, belsat.eu

Стужка навінаў