Палітвязні, ЕЗ і гульні Януковіча. Еўрапейскія палітыкі спрабуюць вызваліць экс-прэм’ерку Цімашэнку з турмы


Сёння ў сталіцу Украіны тэрмінова прыляцеў еўракамісар у пытаннях пашырэння Еўрапейскага Звязу і ў палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле. Разам з ім у Кіеў прыбыў Пэт Кокс (ірландскі палітык, былы кіраўнік Еўрапейскага парламенту) і Александэр Квасьнеўскі (былы прэзідэнт Польшчы) – місія назіральнікаў ад Еўрапарламенту, якія курыруюць падпісанне Украінаю Дамовы аб асацыяцыі (галоўная падзея віленскага саміту).

Напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», што адбудзецца ў Вільні 28–29 лістапада, адмысловая працоўная група дэпутатаў украінскага парламенту спрабавала падрыхтаваць законапраект, які б дазволіў вызваліць былую прэм’ерку Юлію Цімашэнку. Аднак учорашняе паседжанне зайшло ў тупік.

Цімашэнка была арыштаваная ў 2011 г. Суд прызнаў яе вінаватаю ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў падчас падпісання газавых дамоваў з Расеяй. Юлія Цімашэнка была асуджаная на 7 гадоў пазбаўлення волі.

Еўрапейскія палітыкі патрабуюць вызваліць экс-прэм’ерку. А кіроўная эліта Украіны выкарыстоўвае пытанне «палітвязня Цімашэнкі» як разменную манету ў палітычным гандлі з Еўропаю.

Невызваленне Цімашэнкі можа сведчыць пра нежаданне прэзідэнта Януковіча падпісваць Дамову аб асацыяцыі з ЕЗ. На думку дэпутата Еўрапарламенту ад Польшчы Кшыштафа Лісэка, такое рашэнне ўжо прынятае. «Сустрэча Януковіча з Пуціным, падзеі ў Вярхоўнай Радзе – усё гэта паказвае на тое, што няма волі да вырашэння праблемы Юліі Цімашэнкі, а калі няма волі ў пытанні Цімашэнкі, то, на маю думку, няма на сённяшні дзень і волі да падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ менавіта з боку Украіны», – сказаў еўрадэпутат украінскаму парталу unian.net.

Лідар фракцыі «Удар» Віталь Клічко заявіў сёння з трыбуны Вярхоўнай Рады, што Януковіч мусіць скончыць свае гульні ды выразна сказаць народным дэпутатам, за што выступае прэзідэнт – за еўраінтэграцыю ці супраць яе: «…Ствараецца ўражанне, што ўлады любым спосабам спрабуюць «сплавіць» еўрапейскую інтэграцыю, яшчэ і спісаць на еўраінтэграцыю ўсе праблемы, спароджаныя сёння непрафесіяналізмам кіраўніцтва дзяржавы і ўраду».

Ці сустрэнуцца еўракамісар у пытаннях пашырэння Еўрапейскага Звязу і ў палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле і прадстаўнікі місіі назіральнікаў ад Еўрапарламенту з Віктарам Януковічам, пакуль невядома.

Ю.В., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары