Былога палітвязня Васіля Парфянкова зноў будуць судзіць


Працэс пройдзе ў судзе Першамайскага раёну Менску 28 лістапада. Васіля Парфянкова абвінавачваюць у парушэнні правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду.

У сувязі з тым, што з 21 верасня Парфянкоў застаецца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі № 1 Светлагорску, на суд яго прывязуць пад канвоем, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

29 траўня 2012 года Парфянкоў быў асуджаны за парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду. За ім усталявалі прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год. Падставаю для гэтага стаў удзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці.

Храналогія пераследу

Затрыманы ў Менску 4 студзеня 2011 г. як падазраваны ў датычнасці да «масавых беспарадкаў»19 снежня 2010 г. Праз тры дні апынуўся ў менскім СІЗА на вул. Валадарскага як фігурант крымінальнай справы.

Ягоны прысуд стаў самым першым у справе 19 снежня: 17 лютага 2011 г. Фрунзенскі суд Менску асудзіў Васіля на 4 гады калоніі строгага рэжыму. Пасля Васіль адбываў пакаранне ў калоніі Воршы.

11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.

29 траўня 2012 г. “за паход у краму” Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзём Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год, у парушэнні якога прызналі вінаватым былога палітвязня, быў прызначаны з 5 студзеня 2012 г. Падставаю для гэтага быў актыўны ўдзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці.

9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў зноў быў узяты пад варту. Адбываў пакаранне ў калоніі г. Баранавічы. Вызвалены 9 лютага 2013 г. Узяты пад прэвентыўны нагляд міліцыі.

12 ліпеня 2013 г. Васілю выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэксу – «Парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду». Справу перадалі ў суд, але судовага працэсу не адбылося, бо быў прыдуманы іншы спосаб уздзеяння на актывіста. 21 верасня 2013 г. пасля адбыцця 5-дзённага адміністратыўнага арышту, да якога ён быў прыгавораны завочна, Васіль Парфянкоў нечакана для ўсіх быў накіраваны на 1 год у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у г. Светлагорск.

Ю.В., паводле spring96.org, belsat.eu

Стужка навінаў