Самы самотны электрамабіль у свеце


На адзінай у Беларусі запраўцы для электрамабіляў запраўляецца толькі адзін аўтамабіль. Другая машына з электрычным сэрцам у найбліжэйшай будучыні можа і не з’явіцца.

«Электрамабілі запраўляюцца тут!», – сцвярджае білборд каля запраўкі «А-100», што размяшчаецца на выездзе з Менску ў кірунку Віцебску на адрас вёска Баравая, 7. Там абсталявалі першую ў Беларусі электраладавальную станцыю для электрамабіляў. Яе ўрачыста адкрылі ў канцы жніўня.

Заехаўшы на запраўку, заўважаем адмысловае мейсца для ладавання электрамабіляў. На ім ладуецца «Nissan Leaf». Машына належыць да сеткі заправак «А-100» і падчас адкрыцця «электразапраўкі» атрымала ганаровы статус першага ў Беларусі электрамабіля.

Аднак, калі мы азнаёміліся са спісам паслугаў і прэйскурантам коштаў, аказалася, што такая паслуга, як «запраўка электрамабіля», адсутнічае.

Працаўнік запраўкі на пытанне, ці часта прыязджаюць запраўляцца электрамабілі і колькі гэта каштуе, адказаў, што падчас ягоных зменаў такога не здаралася. Таму як запраўляць электрамабіль і колькі гэта каштуе, ён не ведае, а з усімі пытаннямі, датычнымі электрамабіля, параіў звяртацца да кіраўніцтва.

«Гэтая запраўка выключна для нашага аўтамабіля», – падзялілася таямніцаю пра самы самотны беларускі электрамабіль працаўніца «А-100» на іншым канцы дроту.

Ці выгодна набываць электрамабіль?



«Nissan Leaf» у Германіі каштуе ў сярэднім € 32000–36000. На мяжы машына падаражае яшчэ на 44 % – мыта плюс акцыз.

Высокія кошты электрамабілю і адсутнасць электразаправак у нашай краіне не спрыяюць папулярнасці экалагічнага віду транспарту. А гэта значыць, што ў найбліжэйшы час разрэкламаваная «электразапраўка» працягне заставацца іміджаваю з’яваю.

Вадзім Быліна, belsat.eu

Стужка навінаў