Кітайскія дэмакратычныя актывісты знайшлі спосаб абысці інтэрнэт-цэнзуру


Кібер-актывісты вынайшлі спосаб абысці кітайскую цэнзуру ў інтэрнэце.

Блакаванне непажаданага з пункту гледжання кітайскіх уладаў кантэнту адбываецца пры дапамозе сістэмы, якая атрымала мянушку «Great Firewall of China» («Вялікі кітайскі фаервол»). Сістэму стварылі ў межах праекту «Залаты шчыт» і ўвялі ў эксплуатацыю ў 2003 годзе.

У мінулую пятніцу «Вялікі кітайскі фаервол» заблакаваў кітайскамоўныя версіі« Wall Street Journal» і «Reuters» пасля таго, як «The New York Times» распавёў пра бізнес-кантакты паміж «JP Morgan» (адзін з найбуйнейшых фінансавых холдынгаў на свеце) і дачкой экс-прэм’ера Дзяржсавету КНР Ўэнь Цзя Баў, якая, паводле версіі выдання, атрымала амаль $ 2 млн. за лобінг інтарэсаў карпарацыі ў дзяржструктурах. Інтэрнэт-версію «The New York Times» заблакавалі ў Кітаі яшчэ ў 2012 годзе.

Чарлі Сміт (Charlie Smith), сузаснавальнік «GreatFire.org» (сайт, які адсочвае інтэрнэт-цэнзуру ў Кітаі) кажа, што ён дапамог вынайсці стратэгію барацьбы з абмежаваннем доступу да інфармацыі.

«Мы, ствараем люстэркі [інтэрнэт-копіі – belsat.eu] забароненых старонак на серверах такіх кампаніяў як «Amazon», распавядае актывіст выданню «Theguardian.com». – Справа ў тым, што, каб заблакаваць і гэтыя «люстэркі», трэба блакаваць «Amazon» ўэб-серверы ў Кітаі, а гэта паўплывае на дзесяткі тысяч бізнес-аперацыяў, якія ажыццяўляюцца на гэтых серверах», – тлумачыць кібер-змагар.

Вельмі шмат кітайскіх сайтаў, размешчаных на «Amazon», займаюцца электроннаю камерцыяй. У выпадку іх блакавання Кітай панясе немалыя эканамічныя страты.

Кітайскі ўрад ужо даўно выкарыстоўвае тактыку запалохвання ў адносінах міжнародных журналістаў і замежных інтэрнэт-выданняў. І інтэрнэт-цэнзура – не першая ў спісе метадаў маніпуляцыі. Некаторым журналістам адмаўляюць у выдачы візаў, сярод іншага, карэспандэнтам тых інфармацыйных рэсурсаў, якія, на думку ўладаў краіны, могуць несці Кітаю палітычную пагрозу. Гэтак, напрыклад, улады Паднябеснай заблакавалі сайты «Bloomberg News» і «The New York Times» у 2012 годзе пасля таго, як яны паказалі фільмы пра багацце, якое назапасілі прадстаўнікі сем’яў найвышэйшага кіраўніцтва. Кітай адмовіў у візах усім журналістам, што працуюць на гэтыя ўплывовыя інфармацыйныя рэсурсы.

У спіс забароненых ў Кітаі старонак уваходзяць не толькі сотні замежных інфармацыйных рэсурсаў, але і такія банальныя рэчы як «Вікіпедыя», яе кітайцы чытаюць ў цэнзураваным варыянце, «Ustream.tv», а сацсеткі «Фэйсбук» і «Тўітэр», заблакаваныя ў 2009-м яны будуць даступныя кітайцам толькі ў свабодных эканамічных зонах.

Між іншым, у Беларусі таксама існуе спіс забароненых сайтаў. Сярод 60 ўэб-рэсурсаў, якія нельга паглядзець у дзяржаўных установах і ўстановах адукацыі – большасць парнаграфічнага характару, да забароненай «клубнічкі» беларускія чыноўнікі дадалі таксама і старонкі незалежных інфармацыйных парталаў (charter97.org, belaruspartisan.org, spring96.org, prokopovich.net, prokopovi.ch, блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ).

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў