Менскі жывадзёр стаў больш жорсткі: пачаў здымаць скуру з жывёлінаў і расчляняць


Садыст можа пачаць нападаць і на людзей, перасцерагаюць адмыслоўцы.

Менскія абаронцы жывёлы маюць намер звярнуцца ў праваахоўныя органы, каб тыя далучыліся да пошуку садыста, які жорстка здзекуецца з катоў і сабакаў.

«Валанцёры-зоаабаронцы падрыхтавалі заявы ў пракуратуру і міліцыю, у якіх змяшчаецца інфармацыя пра факты жорсткага забойства катоў і сабакаў. Мы будзем настойваць на тым, каб праваахоўныя органы далучыліся да пошукаў жывадзёра і прыцягнулі яго да адказнасці», – заявіла агенцтву «Интерфакс-Запад» старшыня дабрачыннага грамадскага аб’яднання «ЗОАшанец» Вольга Карпава.

Паводле зоаабаронцы, валанцёры адзначылі прыблізна 10 фактаў жорсткага забойства і калецтва бяздомных жывёлінаў у розных раёнах Менску. Ветэрынары, якім былі прынесеныя целы забітых і пакалечаных катоў і сабакаў, кажуць, што такое мог здзейсніць толькі чалавек.

«Садыст адразае кацянятам лапы, хвасты, выколвае вочы, жыўцом здзірае з хвастоў скуру. Апошні выпадак – забойства сабакі. Жывадзёр зняў з яе скуру і расчляніў», – адзначыла спадарыня Карпава.

Актывісты мяркуюць, што гэта псіхічна ненармальны чалавек. Прычым дарослы, мяркуючы з забітага досыць вялікага сабакі. «Варта адзначыць, што з кожным разам ён усё больш жорсткі ў сваіх дзеяннях. Калі спачатку гэта былі адрэзаныя хвасты ў кацянятаў, то цяпер гэта ўжо забіты і расчленены сабака», – падкрэсліла абаронца жывёлы.

Паводле спадарыні Карпавай, структура асобы такіх садыстаў такая, што яны нападаюць на слабых, спачатку – на катоў і сабак, а потым – на дзяцей і старых.

У сацыяльных сетках ўзніклі форумы, дзе ідзе збор інфармацыі пра садыста, які забівае бадзяжных жывёлінаў. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі заяўляюць, што гатовыя «з уласнай кішэні заплаціць буйную суму грошай за інфармацыю пра гэтага чалавека».

У сваю чаргу ў камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Фаўна гораду» (Менск) агенцтву паведамілі, што да іх не паступалі жывёліны з прыкметамі здзекаў.

«Часам бываюць выпадкі, калі прыносяць катоў ці сабакаў, якія атрымалі траўмы ў ДТЗ, але з адрэзанымі лапамі – такіх выпадкаў не было», – зазначыла намесніца дырэктара «Фаўны гораду» Тамара Царыкоўская.

МЯ, belsat.eu, паводле Interfax.by

Глядзі таксама
Каментары