Яшчэ больш падаткаў на кароўнікі ды знішчэнне «пятай калоны»?


Больш за 200 грамадзянаў Беларусі прапанавалі ўраду дадатковыя спосабы папаўнення дзяржаўнага бюджэту.

У Магілёве 222 асобы падпісаліся пад прапановаю спаганяць грашовыя сродкі з пэўных груп грамадзянаў, каб «больш эфектыўна папоўніць змізарнелыя золатавалютныя запасы краіны».

Грамадзяне, якія падпісалі прапанову, называюць сябе патрыётамі ды заяўляюць, што цалкам падтрымліваюць жаданне ўладаў браць падаткі з беспрацоўных і за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху.

У сваю чаргу, яны прапануюць ураду краіны і абедзвюм палатам парламенту станоўча разгледзець ініцыятыву аб спагнанні ад 5 да 10 базавых велічыняў з грамадзянаў, якія не ў БРСМ, «Белай Русі» і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, не праваслаўныя атэісты, не выпісваюць газету «Савецкая Беларусія» ды іншыя дзяржаўныя выданні, а таксама не бяруць удзелу ў суботніках.



«Рэалізацыя вамі дадзеных патрыятычных ініцыятываў дасць магчымасць істотна павялічыць колькасць патрыётаў Беларусі, падпісчыкаў дзяржвыданняў, значна папоўніць прэзідэнцкі фонд», – гаворыцца ў звароце, ініцыятарам якога выступіў актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Паўлоўскі.

У дакуменце ўказваецца, што сабраныя дадатковыя сродкі прэзідэнт краіны зможа накіраваць на будаўніцтва лядовых палацаў, правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых вытворчасцяў, будаўніцтва свінарнікаў і кароўнікаў, ліквідацыю «пятай калоны».

Зварот накіравалі кіраўніцтву Беларусі, у Савет Рэспублікі ды Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Тролінг Паўлоўскага

Аўтар прапановы Аляксей Паўлоўскі паспеў праславіцца шэрагам ініцыятываў, дзе ў здзеклівай форме паказвае сваё стаўленне да абсурду рэчаіснасці. Не так даўно ён збіраў подпісы, каб мыта плацілі не тыя, хто выязджае з Беларусі, а тыя, хто ўязджае.

Спадар Паўлоўскі звярнуўся таксама да ўладаў Расеі, каб тыя нафтаю кампенсавалі страты, якія паводле афіцыйнага Менску нанеслі Сінявокай кіраўнікі «Уралкалію».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў