Затрыманых ў Гомлі маладафронтаўцаў адпусцілі без складання пратаколу


Нядаўна абранага сустаршыню «Маладога фронту» Андрэя Цянюту і ягонага паплечніка Станіслава Булу міліцыянты вызвалілі з пастарунку ў Гомлі.

Актывістаў затрымалі ўвечары 16 лістапада, калі тыя расклейвалі на гарадскіх вуліцах антыалкагольныя ўлёткі. Міліцыянты адвезлі іх у Савецкі РАУС.

Як паведаміў Андрэй Цянюта, у пастарунку яны прабылі каля паўтары гадзіны. «У мяне спрабавалі ўзяць тлумачэнні, але я адмовіўся, бо маю такое права паводле закону. У Станіслава Булы міліцыя ўзяла тлумачэнні. Ён пацвердзіў, што мы расклейвалі на момант затрымання антыалкагольныя ўлёткі, але рабілі гэта на інфармацыйных стэндах – гэта значыць, у дазволеным месцы», – сказаў сустаршыня «Маладога фронту».

Паводле яго, ва ўлётках была інфармацыя з заклікам да ўладаў не прадаваць алкаголь ў беспасярэдняй блізкасці ад навучальных установаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў