«Усё зачыняйце, а людзей на Месяц адпраўце»


У Беларусі збіраюцца зачыніць больш за 200 сельскіх паштовых аддзяленняў. Гэткім чынам нібыта адбываецца рэарганізацыя сеткі раённых вузлоў сувязі. Ліквідуюць найперш маларэнтабельныя і нерэнтабельныя аддзяленні – іх заменяць перасоўнымі пунктамі дастаўкі пошты. Вяскоўцы не згаджаюцца з закрыццём паштовых аддзяленняў і, як могуць, пратэстуюць.

У Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці ў спісе нерэнтабельных – 9 паштовых аддзяленняў, якія збіраюцца закрываць. У вёсцы Галічы жыхары склікалі сход, каб абараніць сваю пошту.

«Сход быў, усе людзі на ім крычалі крыкам. Казалі, што зачыняйце ужо і гэтую краму апошнюю. Усё зачыняйце. А людзей на Месяц адпраўце. Усе падпісаліся супраць, і ліст адправілі ў райвыканкам. Казалі, што нас нібыта будзе абслугоўваць паштальён, а ці будзе ён – невядома. Вось пакласці грошы на мабільнік ці камунальныя заплаціць, то стой на вуліцы ўзімку», – абураецца жыхарка вёскі Галічы.

У Галічах – больш за 200 насельнікаў, амаль палова з іх – пенсіянеры. Мясцовае паштовае аддзяленне яшчэ працуе, аднак вяскоўцы кажуць, што лёс яго ўжо прадвызначаны, нібыта пасля 1 снежня яго зачыняць. Вяскоўцы просяць дапамагчы ім адстаяць пошту.

«Што яна нам дае? Пенсію пошта выдае. Прывозяць прадукты таннейшыя, чым у краме. Нам жа трэба і за тэлефон плаціць, і за радыё. І дзе мы будзем цяпер пенсію атрымліваць? Калі тая машына прыйдзе? Стой на скрыжаванні, чакай яе. Што нам рабіць? Дапамажыце».

Такое ж стаўленне да закрыцця пошты ў вёсцы Стары Дзедзін, дзе таксама жывуць больш за 200 асобаў. «Я вось не разумею, якія ў іх тут выдаткі, – кажа мясцовая жыхарка. – Начальнік пошты тут і прыбірала, і ацяпляла. Выдаткі толькі ў тым, што ёй плацілі заробак. Але ж усё роўна машына з трасы на 5 км збочвае да нашай вёскі».

У раённым вузле сувязі запэўніваюць, што абслугоўваць у перасоўных паштовых аддзяленнях будуць не горш, чымся ў стацыянарных. Выбар сэрвісных паслугаў застанецца той самы. Прызнаюць, аднак, што закрыццё пошты вяскоўцы ўспрымаюць негатыўна.

«Яны прызвычаіліся, што паштовыя аддзяленні – гэта месца для сустрэчаў, для зносінаў, – зазначыла працаўніца вузла сувязі. – Але з эканамічнага пункту гледжання ўтрымліваць для гэтых мэтаў аддзяленні сёння нерэнтабельна».

Паводле цяперашніх стандартаў паштовае аддзяленне мусіць абслугоўваць да 2 тыс. асобаў. Вёсак з такою колькасцю насельніцтва на Магілёўшчыне малавата. Колькі аддзяленняў у рэгіёне зачыняць, высветліць не ўдалося. У абласным філіяле «Белпошты» заявілі, што гаворка ідзе пра рэарганізацыю, але не пра закрыццё. З публікацыяў у мясцовай прэсе вядома, што ў 2013 годзе «Белпошта» зачыніць 278 стацыянарныя аддзяленні сувязі. Іх заменяць 23 перасоўнымі. Плануецца адкрыць 7 гарадскіх паштовых аддзяленняў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары