Улады дазволілі адзначыць у Слуцку ўгодкі Збройнага чыну


Акцыя, прысвечаная геройскаму змаганню случчакоў за незалежнасць Беларусі ў 1920 годзе, мае прайсці 24 лістапада.

Згодна з заяўкаю, якую складалі актывісты партыі БНФ, мітынг памяці ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну пройдзе на гарадскім стадыёне на вуліцы Леніна з 14 да 15 гадзінаў.

Партыя БНФ падавала адразу дзве заяўкі на правядзенне акцыі – на 23 і 24 лістапада. Актывісты баяліся, што чыноўнікі не дадуць дазволу на акцыю, спаслаўшыся на іншую імпрэзу на стадыёне. У выніку, паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, улады сапраўды задаволілі толькі адну заяўку – на 24 лістапада, бо 23 лістапада «на стадыёне нібыта пройдзе іншае мерапрыемства».

У 2012 годзе Партыі БНФ не дазволілі арганізаваць акцыю памяці на падставе таго, што «на стадыёне будзе ладзіцца іншая імпрэза». У 2009–2011 гадах выканкам дазволіў аналагічныя мітынгі.

Слуцкі збройны чын – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў ваколіцах Слуцку ў лістападзе-снежні 1920 года. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам, што наступалі з усходу.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары