Рыштунак і зброя паўстанцаў – у Горадні (фота)


У гарадзенскім Старым замку адкрылася беларуска-літоўская выстава «Паўстанне 1863 года: асобы, імёны, гісторыі», на якой можна паглядзець на каштоўныя экспанаты з музейных збораў Літвы і Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музею.

Як сцвярджаюць арганізатары, гэтая выстава – спроба расказаць пра паўстанне праз жыццёвыя гісторыі яго ўдзельнікаў. Выстава запрашае паблукаць па стылізаваных лабірынтах лесу – сімвалу месца, дзе разгортваліся асноўныя падзеі паўстання, дзе перакрыжаваліся чалавечыя лёсы.

Экспануюцца фотаздымкі паўстанцаў 1863 года, якія захоўваюцца ў шаўляйскім музеі «Аўшрос». Прадстаўлена зброя паўстанцаў, вырабы зняволеных і ссыльных. Унікальны экспанат – сцяг атраду паўстанцаў пад кіраўніцтвам Повіласа Шымкявічуса са збору краязнаўчага музею гораду Кялме. Выстаўляецца кніга для імшы «Missale Romanum», якая належала аднаму з кіраўнікоў паўстання Антанаса Мацкявічуса, рукапіс успамінаў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Батальнымі сцэнамі ўражваюць працы «Lituania» (1864—1866) і «Polonia» (1863) польскага мастака Артура Гротгера.

З гарадзенскага музейнага збору экспануюцца дзённік паўстанца, пячаткі паўстанцкіх арганізацыяў, рыштунак і ўзбраенне.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў