Кошты на мяса, пельмені ды сыры адпусцілі


Абмежаванні на ўзровень гандлёвых надбавак знялі на мяса, сыры, соль, селядзец, каву і гарбату. Адпаведную пастанову Міністэрствам эканомікі прыняло 5 лістапада. Дакумент набыў моц сёння, пасля апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Абмежаванні на ўзровень гандлёвых надбавак знялі, у прыватнасці, на фаршы з ялавічыны і свініны, мяса курэй і куранят-бройлераў, пельмені з ялавічыны, свініны і мяса курэй, крывяныя і ліверныя каўбасы, мясныя хлябы, зэльцы і паштэты, шэраг катэгорыяў цвёрдых, паўцвёрдых і мяккіх сыроў, соль павараную, салёную рыбу (сямейства селядцовых), каву і гарбату.

Гандлёвыя і гуртовыя надбаўкі на гэтыя тавары будуць ужывацца з улікам наяўнай кан’юнктуры рынку. Цэнавае рэгуляванне захоўваецца на асноўныя групы харчовых тавараў масавага попыту, якія маюць сацыяльную скіраванасць, падкрэслена ў каментарыі Мінэканомікі.

Зазначаецца таксама, што гэтае рашэнне Міністэрства эканомікі прыняло ў межах пастановы ўраду ад 25 кастрычніка № 934, якая змяніла пералік тавараў і паслуг, цэны і тарыфы на якія рэгулююцца Мінэканомікі. Згодна з пастановаю Савету Міністраў, вышэйзгаданыя тавары былі выключаныя з пераліку сацыяльна значных.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары