Як бацькі бароняць зацікаўленні сваіх дзяцей


https://youtu.be/G5woxivvQTg
Грамадска-карыснае ці фінансава-выгаднае? Каторы раз сталічныя ўлады робяць выбар на карысць апошняга. З цэнтру Менску мае знікнуць картадром і спартовая пляцоўка Рэспубліканскага цэнтру тэхнічнай творчасці. Прынцыпова не згодныя з гэтым бацькі юных аматараў тэхнічнай творчасці і маюць намер змагацца за існаванне цэнтру.

Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці на вуліцы Макаёнка ў Менску аб’ядноўвае не толькі тых, хто любіць майстраваць. Установа гэтак званай дадатковай адукацыі дазваляе дзецям і моладзі развіваць і іншыя здольнасці.

{movie} Картадром — пад знос|right|13329{/movie}АЛЯКСАНДР ДАЎЖЭЎСКІ, ДЫРЭКТАР РЭСПУБЛІКАНСКАГА ЦЭНТРУ ТЭХНІЧНАЙ ТВОРЧАСЦІ:
«Дзеці, якія хочуць займацца тэхнічнай творчасцю, катацца на матацыклах, запускаць самалёты, непасрэдна асядлаць картынг, у іх ёсць такая цудоўная магчымасць».

Але акурат гэтую магчымасць навучэнцы неўзабаве могуць страціць. Усё праз тое, што гарадскія ўлады пастанавілі аддаць ласы кавалак у цэнтры сталіцы пад будаўніцтва шматфункцыйнага жыллёвага комплексу з дамамі ад шасці да 25-ці паверхаў. Будынкі паўстануць акурат там, дзе цяпер месціцца картадром, і можна запускаць мадэлі самалётаў.

НАТАЛЛЯ ШКВАРКО, ПЕДАГОГ-ПСІХОЛАГ:
«Гэта адбываецца на спецыялізаванай пляцоўцы, якая месціцца за тэрыторыяй нашага цэнтру, і будзе кепска, калі гэтую тэрыторыю проста забяруць».

Лёс картадрому ўжо перадвызначаны яшчэ і таму, што з прычыны высокага ўзроўню шуму пляцоўка не можа размяшчацца ў непасрэднай блізкасці да жытла. Бацькі, што водзяць сюды сваіх дзетак, аднак, не страчваюць надзеі. Яны распачалі збор подпісаў пад зваротам да міністра адукацыі ды кіраўніка гарвыканкаму. Чыноўнікаў просяць узяць будаўніцтва пад асабісты нагляд і зрабіць усё магчымае, каб вялося яно без стратаў для навучальнай установы.

ГЕНАДЗЬ ЕРМАЛОВІЧ, БАЦЬКА НАВУЧЭНЦА ЦЭНТРУ:
«У сувязі з закрыццём картынгу, а таксама спартовай пляцоўкі большая частка гурткоў гэтага цэнтру зачыніцца і большая частка дзяцей застанецца на вуліцы. Тое, што яго перанясуць невядома куды і невядома калі, гэта не справа».

Праз новабудоўлю часткі сваёй тэрыторыі пазбавіцца таксама Рэспубліканскі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва, а на час будаўніцтва магчымыя перабоі ў працы Дзіцячай чыгункі.

Вольга Кляўчэня, «Аб’ектыў», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары