У аптымізме чыноўнікам не адмовіш. Але наколькі ён абгрунтаваны?


У наступным годзе інфляцыя – 11 %, станоўчае гандлёвае сальда і бездэфіцытны бюджэт… Такі прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, які чальцы ўраду абмяркоўвалі сёння ў Палаце Прадстаўнікоў. Спадзяванні ўражваюць, калі ўлічыць, што сёлета сем з дзевяці найважнейшых макраэканамічных паказнікаў праваленыя. Але ёсць і новаўвядзенні: шукаць дадатковыя сродкі ўрад будзе ў кішэнях грамадзянаў – за кошт штрафаў і новых падаткаў.

{movie} Дзяржаўны аптымізм|right|13328{/movie}Вялікіх эканамічных узрушэнняў чакаць не варта. Эканоміка працягне рост, кошты істотна не зменіцца, і агулам краіна спрацуе без фінансавых стратаў. Такія прагнозы закладаюцца ў службовых кабінетах на плошчы Незалежнасці. Галоўны ўхіл – павелічэнне экспарту за кошт калійных угнаенняў.

АЛЯКСАНДР ЯРАШЭНКА, НАМЕСНІК МІНІСТРА ЭКАНОМІКІ:

«У папярэднім варыянце прагнозу ў нас быў песімістычны варыянт развіцця падзеяў на калійным рынку. Мы тады гаворку вялі пра 5 млн т, якія мы пастаўляем на вонкавыя рынкі. Цяпер мы пазіцыю палепшылі, яна складае 7 млн т».

І гэта нягледзячы на тое, што ў калійным пытанні яшчэ далёка не ўсё ясна: ці здолее Беларусь узнавіць страчаныя ў выніку разводу з «Уралкаліем» пазіцыі за такі кароткі тэрмін?

Нягледзячы на гэта, паводле прагнозаў чыноўнікаў, інфляцыя ў 2014 годзе не перавысіць 11 %. Вонкавы гандаль будзе станоўчы: плюс $ 105 млн. Пры гэтым валавы прадукт павялічыцца на 3,3 %, а рэальныя прыбыткі насельніцтва – 1–2 %.

У аптымізме чыноўнікам не адмовіш. Але наколькі ён абгрунтаваны?

АНДРЭЙ КАРПУНІН, КЛУБ ФІНАНСАВЫХ ДЫРЭКТАРАЎ:

«Сітуацыя на вонкавых рынках – нашых сталых партнёрах – не паляпшаецца, а наадварот: мы бачым дынаміку апошніх тыдняў нават да пагаршэння. Таму залішняга аптымізму чэрпаць няма адкуль».

Як і грошай. Вядома, калі не чэрпаць з кішэняў грамадзянаў. А адкуль жа яшчэ? Базавую велічыню ў 2014 г. падымуць з Br 130 000 да Br 150 000. А ад яе наўпрост залежаць памеры штрафаў і рознага кшталту збораў…

ВАДЗІМ ІОСУБ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК «ALPARI»:

«…уключна са зборам за допуск аўтамабіля на дарогі ды гэтак званым падаткам на дармаедства, якія цяпер шырока абмяркоўваюцца».

Пры гэтым прыбыткі насельніцтва павялічацца нязначна. Як вынікае з плану, усяго на 1–2 %, гэта ў 10 разоў менш за меркаваны рост коштаў. З канчатковым варыянтам прагнозу развіцця на 2014 год пазнаёмімся неўзабаве. Яго прэзентацыя прэзідэнту, імаверна, адбудзецца 26-га лістапада.

Аляксей Мінчонак, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў