Не захацеў падпісаць змененага пратаколу – трапіў за краты


Суд Маскоўскага раёну Менску разглядае адміністратыўную справу ў дачыненні праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванай акцыі.

Спадар Бандарэнка нібыта ўдзельнічаў у пікеце перад СІЗА на вуліцы Валадарскага разам з роднымі памерлага ў СІЗА пры нявысветленых акалічнасцях Ігара Пцічкіна.

{movie}Алена Красоўская-Каспяровіч: Міліцыянты змянілі пратакол і змушалі падпісаць |right|13319{/movie}Праваабаронца патлумачыў, аднак, што не мог удзельнічаць у гэтай акцыі, «бо спазніўся на яе». Паводле яго, да моманту, калі меліся збірацца людзі, каб ушанаваць памяць Ігара Пцічкіна, усе патэнцыйныя ўдзельнікі акцыі ўжо былі ў аўтазаку, а ніякіх плакатаў, кветак у руках у яго не было.

Суддзя Яўген Хаткевіч прыняў рашэнне вярнуць справу міліцыянтам для ліквідацыі хібаў.

Як паведаміла праваабаронца Алена Красоўская-Каспяровіч, намеснік начальніка аддзелу аховы грамадскага правапарадку Аляксандр Давідзюк прапанаваў скласці пратакол наноў і падпісаць яго яшчэ раз. «Андрэй Бандарэнка ад гэтага адмовіўся, і быў затрыманы да 72 гадзін дзеля ліквідацыі неадпаведнасцяў у пратаколе, – патлумачыла Красоўская-Каспяровіч. – Неўзабаве Андрэю паказалі перапісаны пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні ды запатрабавалі, каб ён з ім азнаёміўся і падпісаў. Бандарэнка адмовіўся, бо гэта парушэнне ўсіх працэсуальных нормаў. Тады яго змясцілі ў камеру для адміністратыўна затрыманых».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў