Хрысціянскія дэмакраты навядуць маральны парадак... сярод апазіцыі


Як выхаваць новых палітычных лідараў? Над гэтым пытаннем сур’ёзна задумаліся хрысціянскія дэмакраты. Актывісты, што збіраюцца грунтаваць палітыку на хрысціянскіх каштоўнасцях, абяцаюць таксама навесці маральны парадак… у шэрагах апазіцыі.

Хлусня і падман – штодзённасць дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі, кажуць чальцы аргкамітэту дзеля стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Таму яны ўпэўненыя: цяпер як ніколі надышоў час абвесціць вайну палітычнай цемры.

{movie} Маральная рэвалюцыя|right|13312{/movie}ВОЛЬГА КАВАЛЬКОВА, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

“Калі б ва ўладзе было б больш сумленных людзей, нашая б палітыка і краіна рухаліся ў іншым кірунку. А цяпер мы маем жорсткасць, рэпрэсіі ды ціск на людзей”.

У наяўнасці, нават у перспектыве, сумленных палітыкаў ва ўладзе прадстаўнікі БХД сумняюцца. Затое яны ведаюць, як стварыць спрыяльную глебу для ўзгадавання новых нацыянальных элітаў.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ БХД:

“Каб адчыняць дзверы веры і маральным каштоўнасцям у кожнай сферы грамадскага жыцця, палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага ладу. Калі не пускаць бога ў палітыку, там валадарыць д’ябал”.

У якасці прыкладу краінаў, дзе палітычныя змены прыйшлі ў значнай меры дзякуючы вернасці народу хрысціянскім каштоўнасцям, у БХД называюць суседак: Польшчу і Украіну. Ці такое магчыма і ў Сінявокай? Упэўненыя далёка не ўсе.

АНДРЭЙ КАЗАКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Вялікі перыяд атэістычны, працэсы глабалізацыі, секулярызацыі ў сучасным свеце робяць немагчымым, каб быў кансэсус абсалютнай большасці грамадства ў пытаннях рэлігійных, у пытаннях хрысціянскіх каштоўнасцяў”.

Над магчымымі складанасцямі з развязаннем такога кшталту праблемы хрысціянскія дэмакраты пакуль не задумваюцца. Затое яны поўныя рашучасці данесці ідэі маральнай рэвалюцыі ў масы. У планах палітыкаў – стварыць неўзабаве ў кожным горадзе і вёсцы свой народны ўрад.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, СУСТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ БХД:

“Функцыя народных урадаў будзе ў наступным: дапамагаць людзям у іх барацьбе. На сённяшні дзень паўсюль узнікаюць стыхійныя пратэсты, а апазіцыя за імі не паспявае”.

Апрача гэтага, не менш рашуча БХД абяцае навесці парадак і ў шэрагах апазіцыі. Тым больш што ідэю ўсё ж такі вылучыць адзінага кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах апаненты ўладаў ставяць на першым месцы. Але для гэтага, упэўненыя хрысціянскія дэмакраты, неабходная маральная рэвалюцыя сярод тых, хто супрацьстаўляе сябе рэжыму.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ БХД:

“Калі апазіцыя пачынае хлусіць, красці, баяцца або палохаць, яна ператвараецца з часткі рашэнняў праблемаў – у праблему. Яна па іншы бок барыкады. Наша задача паказаць, што не ўся тая апазіцыя, якая супраць Лукашэнкі. Калі мы хочам перамагчы, мы мусім зрабіць, каб апазіцыя – гэта быў маральны бок”.



Пакуль, праўда, гучыць гэта як папярэджанне ўсім несумленным. Агучваць планы канкрэтных захадаў, што будуць рабіцца імем маральнай рэвалюцыі ў шэрагах апазіцыі, у БХД не спяшаюцца.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў