Штраф за сужэнскую здраду як спосаб папоўніць бюджэт


Закон, які ў некалькі разоў павялічвае максімальны штраф за шлюбную здраду, уступіў у сілу ў В’етнаме. Цяпер няверным мужчынам і жанчынам, калі іх зловяць «на гарачым», давядзецца заплаціць да 3 млн в’етнамскіх донгаў (прыкладна $ 146). Нямала, калі ўлічыць, што сярэдні заробак у краіне складае $ 150.

Такі ж вялікі штраф прадугледжаны за шлюб паміж мужчынам і жанчынаю, якіх падзяляюць тры або менш пакаленняў сваяцтва, або за шлюб паміж бацькамі ды прыёмнымі дзецьмі. За шлюб з няпоўнагадовымі новы закон прадугледжвае штраф ад 500 тыс. да 1 млн донгаў ($ 24–46).

У той жа час іншы закон, які ўступіў у сілу ў В’етнаме, адмяняе адміністратыўную адказнасць за аднаполыя шлюбы, якія раней караліся ў гэтай краіне штрафам 100–500 тыс. донгаў ($ 5–24 ). Аднак адмена штрафу не азначае, што такія шлюбы афіцыйна прызнаюцца дзяржаваю.

Між тым у суседнім Кітаі за сужэнскую здраду прадугледжанае крымінальнае пакаранне. Падчас нядаўняга гучнага працэсу 56-гадовую жыхарку Тайваню ледзь не асудзілі да 298 гадоў турэмнага зняволення за сужыццё з жанатым мужчынам. У выніку кітаянку, якая заўдавела шмат гадоў таму і, гэткім чынам, не здрадзіла свайму мужу, пасадзілі ў турму толькі на 2 гады ды абавязалі выплаціць штраф памерам $ 24300. Пры гэтым ейны палюбоўнік пазбег пакарання.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары