Беспрацоўныя: Падатак на «дармаедаў» нас не напалохае


Замест афіцыйных вакансіяў з заробкам Br 2 млн людзі гатовыя плаціць падатак на беспрацоўных. Пры гэтым неафіцыйна зарабіць можна ў разы болей, кажуць беспрацоўныя.



Івацэвіцкі беспрацоўны Васіль Дзягцярык стаіць на біржы працы. Ён – інвалід трэцяй групы, таму кажа, што працу знайсці складана. «Шмат якія працадаўцы засцерагаюцца, яны хочуць здаровага чалавека прыняць на працу. Таму вось і шукаю сабе занятак ужо доўга. Ад біржы накіравалі вучыцца на аператара кацельнай, пасля, відаць, уладкуюць. У іншым выпадку, заплаціць $ 280 на год – гэта будзе проста немагчыма».

Будаўніца Святлана з Івацэвічаў каля паўгода таму пакінула афіцыйнае месца працы і знайшла неафіцыйнае. Жанчына не пайшла станавіцца на ўлік на біржы працы. Яна кажа, што афіцыйныя заробкі будаўнікоў у Беларусі нізкія. «На біржы працы ёсць вакансіі муляра з заробкам Br 2 млн. То які будаўнік пойдзе на такі заробак? Вядома ж, людзі ідуць працаваць у такім выпадку неафіцыйна або зусім з’язджаюць за мяжу. Сама разглядаю цяпер магчымасць паехаць у Расею папрацаваць».

Кабета патлумачыла, што тыя, хто працуе ў Расеі, не спалохаюцца падатку на беспрацоўных. Святлана кажа, што прасцей будзе заплаціць гэты падатак і надалей працаваць неафіцыйна. «Я так і тысячу долараў зараблю, а на афіцыйнай будоўлі перабівацца хіба якімі 4–5 мільёнамі», – кажа жанчына.

Эканаміст Леанід Злотнікаў зазначае, што падатак «на дармаедства» – насамрэч не падатак. «Гэта нельга назваць падаткам, бо падатак бярэцца заўсёды з чагосьці. Гэта выглядае, хутчэй, як пакаранне або штраф. Якім чынам будуць плаціць, я не разумею. Мне падаецца, што там і ўзяць цяжка будзе нешта».

Эканаміст лічыць, што падатак на «беспрацоўных» вядзе краіну да скочвання ў таталітарызм. «Мне падаецца, што гэта ніяк не стасуецца з ХХІ стагоддзем, нават з ХХ… Калі чалавек не рабуе нікога і калі ў яго ёсць нейкі капітал, каб пражыць, то ён мае права жыць спакойна… Гэта – вяртанне ў тыя савецкія часы, калі «дармаедаў», якія не працавалі, ссылалі. Тады лічылася, што той, хто можа працаваць, – павінен працаваць. Таму, гэта вяртанне да сталінізму. Цяпер мы бачым такую ідэалогію, што не дзеля чалавека ўсё робіцца, а дзеля дзяржавы. Дзяржава ўжо аддзяляецца ад людзей, прымушае працаваць на сябе. Гэта ўжо ставіць пытанне – якое грамадства тут ствараецца… Адбываецца станаўленне таталітарнага грамадства – усе павінны рабіць так, як лічыць дзяржава».

Праект рашэння аб увядзенні падатку на «беспрацоўных» распрацавалі ва ўрадзе. Мяркуецца, што непрацоўныя, якія не стаяць на ўліку на біржы працы, будуць плаціць $ 280 за год у якасці кампенсацыі за тое, што карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі. Як падлічыў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, у Беларусі каля 500 тыс. беспрацоўных, якія не стаяць на ўліку. Калі сабраць з іх падатак, то дзяржава атрымае $ 140 млн.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў