Прэзідэнцкія выбары – 2015. Ужо ёсць трое ахвотных на ўдзел


На сённяшні дзень Уладзімір Някляеў, Вольга Карач і Сяргей Гайдукевіч заявілі пра гатовасць стаць кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія пачнецца ў жніўні 2015 года, а самі выбары мусяць прайсці не пазней за 20 лістапада.

Некаторыя беларускія палітыкі ўжо заявілі пра свае планы браць удзел у выбарах, што маюць адбыцца.

Пра намер пазмагацца за прэзідэнцтва паведаміў 12 лістапада ў час паездкі ў Берасце лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, які быў кандыдатам на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года. Аднак, адзначыў Някляеў, калі б выбары адбыліся сёння, ён бы ў іх удзелу не браў, бо апазіцыя да іх не гатовая.

Прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі яшчэ ў канцы верасня абвесцілі, што ў якасці кандыдата на прэзідэнцкае крэсла вылучаць свайго старшыню Сяргея Гайдукевіча.

Кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач таксама збіраецца браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах, калі яе «падтрымае беларускі народ». «Мой удзел у прэзідэнцкіх выбарах вельмі моцна залежыць ад падтрымання беларускім народам гэтай ідэі. Мне вельмі патрэбна вашае падтрыманне, і я буду змагацца за яго і за вас», – сказала Карач у канцы жніўня падчас онлайн-канферэнцыі на радыё «Свабода».

«Аднаму Госпаду Богу вядома, ці будзе кандыдатам на прэзідэнта цяперашні прэзідэнт і хто там будзе наагул. Я кажу без усялякіх палітычных выкрутасаў», – адказаў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 15 студзеня на пытанне пра планы на наступную выбарчую кампанію. Кіраўнік Беларусі таксама адзначыў, што не хацеў бы бачыць прадстаўнікоў апазіцыі не толькі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнта, але і на «нейкіх кіроўных пасадах». «Гэта здраднікі інтарэсаў беларускага народу. А я хачу бачыць людзей, якія змагаюцца за незалежнасць краіны», – заявіў Лукашэнка.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары