Прэзідэнцкія выбары маюць адбыцца да 20 лістапада 2015 года


«Жнівень 2015 года – гэта пачатак выбарчай кампаніі. А выбары маюць адбыцца не пазней за 20 лістапада», – цытуе старшыню Цэнтрвыбаркаму Лідзію Ярмошыну дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэння, не маладзейшы за 35 гадоў, які мае выбарчае права і стала пражывае ў Беларусі не менш як дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Аляксандр Лукашэнка займае гэтую пасаду з 1994 года.

Выбары згодна з новымі правіламі

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёння прынялі ў другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы адносна правядзення выбараў і рэферэндумаў, супраць якіх выступаюць апазіцыйныя партыі ды недзяржаўныя арганізацыі.

Як заявіў на сённяшнім пасяджэнні ніжняй палаты намеснік старшыні парламенцкай камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіравання і рэгламенту Пётр Шыкшнян, законапраект «скіраваны на ўдасканаленне нормаў Выбарчага кодэксу з улікам практыкі яго ўжывання».

Праект прадугледжвае шэраг новаўвядзенняў у выбарчым заканадаўстве. Плануецца змяніць парадак фінансавання выбарчых кампаніяў: сярод іншага, на прэзідэнцкіх выбарах будзе павялічаны з 3000 да 9000 базавых велічыняў памер асабістага фонду кандыдата. Пры гэтым фармаваць яго можна будзе не пасля рэгістрацыі кандыдата, а з моманту рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы.

Згодна з законапраектам пры правядзенні выбарчых кампаніяў і кампаніяў для рэферэндуму ўводзіцца забарона на дзеянні, якія схіляюць да зрыву, адмены ці пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму.

Дакумент таксама абмяжоўвае кола асобаў, якія маюць права падаваць заявы аб паўторным падліку галасоў. Цяпер гэты пералік не вызначаны, але паводле новага закону такое права маюць толькі кандыдаты і выбарчыя камісіі. Прадугледжана прызначыць межавы 10-дзённы тэрмін падавання зваротаў аб парушэнні выбарчага заканадаўства пасля правядзення выбараў ці рэферэндуму.

На меркаванне апазіцыі, гэтыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс «не набліжаюць, а аддаляюць Беларусь ад магчымасці правядзення свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў».



МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў