Разглядаць справы ў судзе? Парламент супраць "фармальнасцяў"


Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі ў Адміністратыўны кодэкс, паводле якіх міліцыя зможа штрафаваць за дробнае хуліганства і распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцаў без судовага разгляду справы.

Паводле новых нормаў, якія мяркуецца зацвердзіць, органы Міністэрства ўнутраных справаў змогуць без суда толькі штрафаваць за гэтыя правапарушэнні. Каб пакараць асобу адміністратыўным арыштам, па-ранейшаму спатрэбіцца рашэнне суда.

Cтаршыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, калі прэзентаваў законапраект у парламенце, зазначыў, што ў 2012 годзе колькасць справаў аб такіх правапарушэннях склала 70 % ад агульнай колькасці аб адміністратыўных правапарушэннях. «Заканадаўчае надаванне права разгляду некаторых справаў органамі МУС дасць магчымасць павысіць аператыўнасць разгляду такіх справаў, а таксама аптымізаваць судовую нагрузку, скараціць колькасць тых, якія разглядаюцца судамі аб адміністратыўных правапарушэннях, прыкладна на 50 000–70 000 на год», – сказаў Сукала.

У Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаная норма, паводле якой, калі асоба не прызнае сябе вінаватаю ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, справа на яе абавязкова мусіць накіроўвацца ў суд.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў