Чаму для беларускага чыноўніка гонар – недасяжная раскоша?


«У аўтарытарнай краіне не бывае добраахвотных адставак і пераходаў», – падкрэслівае госць праграмы «Размова Мацкевіча» палітолаг, рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль.

{movie}Чаму для беларускага чыноўніка гонар – недасяжная раскоша?|right|13298{/movie}

Аляксандр Лукашэнка за адзін дзень звольніў некалькі ўплывовых дасведчаных чыноўнікаў высокага рангу. Аднак ці ёсць кім іх замяніць? Госць праграмы гаворыць, што такія гучныя звальненні, як падчас «пятнічнага разносу» на «Барысаўдрэве», – «звыклая ратацыя кадраў», зробленая, каб бюракратыя не сцэментавалася, каб не ўзнікла ўнутранай змовы. «Гэта яшчэ і той выпадак, калі на падначаленых звальваюць віну за правал сваёй палітыкі», – дадаў палітолаг. Яшчэ адзін матыў у справе гучных адставак – выбарчы. Перад прэзідэнцкай кампаніяй Аляксандр Лукашэнка спрабуе паказаць сябе як валявога, моцнага начальніка.

«Было вельмі сумна і сорамна за тых людзей, якіх «разносіў» Аляксандр Лукашэнка. Яны як шкаляры стаялі перад ім, не прамовіўшы ні слова ў адказ. Ні гонару, ні вытрымкі. Ківалі, разводзілі рукамі. Гэта таксама гаворыць пра кадры, якія ідуць працаваць у сістэму аўтарытарнага рэжыму», – гаворыць госць праграмы.

Аляксей Кароль кажа, што спрабаваў прааналізаваць чыннікі, якія ўплываюць на рашэнне кваліфікаваных, адукаваных адмыслоўцаў працаваць у аўтарытарнай сістэме. «Гэта асабістыя матывацыі – імкненне да адчування сваёй улады. Другі і, відаць, асноўны стымул – грошы і дабрабыт». Яшчэ адзін матыў – страх. «Можна ўявіць: нармальная рэакцыя нармальнага чалавека, на якога пачынаюць крычаць і абражаць, – развярнуцца і пайсці, падаць у адстаўку», – падкрэслівае палітолаг. Але высокія чыноўнікі не могуць так зрабіць, бо няма ніякай гарантыі, што на гэтым не скончыцца іхная прафесійная кар’ера. «Больш за тое, калі б хтосьці з іх развярнуўся і адказаў Лукашэнку, што падае ў адстаўку, то на такога б чыноўніка амаль адразу ж надзелі б кайданкі», – мяркуе госць праграмы.

А ці ёсць у апазіцыі кадры, якія неабходныя для таго, каб правесці ў Беларусі мадэрнізацыю палітычнай і эканамічнай сістэмы? Калі ў краіне адбудуцца перамены, хто прыйдзе на змену сённяшнім вертыкальнікам? Глядзіце «Размову Мацкевіча»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў