Чаму беларускі ўцякач спаліў у Польшчы два летнія дамкі?


Сяргей Панамароў ужо паўтара месяца застаецца пад арыштам у Польшчы. Апазіцыянер прызнаўся, што падпаліў дзве хаткі, якія належалі іншаму беларускаму ўцекачу.

Пацярпелы – гарадзенскі бізнесовец і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрый Сурба, які ўцёк з Беларусі ў 2009 годзе (яго вінавацілі ў хуліганстве і крадзяжы, аднак апазіцыянер сцвярджае, што гэты пераслед быў палітычнаматываваны).

Версія пацярпелага

Дзмітрый Сурба распавёў «Белсату», як з ягонай перспектывы выглядае канфлікт з Панамаровым.

Па прыездзе ў Польшчу Панамароў супрацоўнічаў з фондам, заснаваным Дзмітрыем Сурбам: працаваў у якасці рэдактара інтэрнэт-старонкі. Сурба меўся аказваць Панамарову фінансавае падтрыманне «з уласных сродкаў». Аднак калі кіраўнік фонду адмовіўся дапамагаць Панамарову, дайшло да сваркі. Нібыта, Панамароў пачаў змяшчаць на старонцы каментары, што крытыкуюць дзейнасць арганізацыі. Такім чынам, супраца скончылася. Праз два гады, калі Сурба даведаўся пра цяжкую сітуацыю, у якой аказаўся Панамароў, ізноў запрапанаваў яму падтрыманне.

Бізнесовец займаецца зборам летніх драўляных дамоў, што імпартуюцца з Беларусі. Ён узяў Панамарова на працу з заробкам 15 злотых (каля $ 5) за гадзіну. Аднак Сурба падкрэслівае, што ягоны новы працаўнік не выконваў належным чынам сваіх абавязкаў, меў праблемы з алкаголем ды канфліктаваў з чальцамі брыгады. Тады Сурба перастаў яму плаціць і дамовіўся з прадавачкай у мясцовай краме, каб выдавала Панамарову харчы «ў крэдыт», які наймальнік рэгулярна сплочваў.

Пазней бізнесовец пастанавіў звольніць праблемнага працаўніка, пра што паведаміў некалькім асобам. У дзень народзінаў Панамарова Сурба і яшчэ двое беларусаў прыехалі на будоўлю, дзе пабачылі моцна п’янага Панамарова. Даведаўшыся, што яго хочуць звольніць, той пачаў дасылаць працадаўцы СМС з пагрозамі. На раніцу два драўляныя дамы былі спаленыя, а Панамароў арыштаваны.

Версія жонкі арыштаванага

На старонцы «Беларускі партызан» тым часам з’явіўся каментар жонкі Панамарова.

Яна паведамляе, што з 2010 года Панамароў жыў у Варшаве, дзе здымаў пакой ды працаваў у палякаў. У ліпені да яго прыехаў Дзмітрый Сурба і пачаў угаворваць выехаць са сталіцы ды дапамагаць яму будаваць драўляныя дамкі. Абяцаў жыллё і заробак, але ў выніку пасяліў яго ў бараку і плаціў нерэгулярна. Панамароў быў змушаны гатаваць ежу на вогнішчы, пакуль было цёпла – мыўся ў возеры. Мясцовая прадавачка з літасці давала яму ў крэдыт ежу.

Іншай працы Панамароў не мог знайсці. Прыйшла халодная восень, і наперадзе чакала зіма. «Нервы не вытрымалі», – піша Святлана Панамарова.

Панамарову пагражае 10 гадоў зняволення

У сярэдзіне верасня польскі суд выдаў згоду на двухмесячны арышт Панамарова. Калі следчыя прыйдуць да высновы, што ён здзейсніў падпал, то мужчыну пагражае да 10 гадоў зняволення.

За саветамі Панамароў быў асуджаны двойчы. Паводле самога Панамарова, першы раз – за тое, што ударыў у твар каменданта ваенкамату, а другі – на 12 гадоў лагераў – за тое, што забіў працаўніка КДБ, які яго пераследаваў. Выйшаў паводле амністыі ў 1989 годзе.

ЯБ/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў