Уладзімір Яроменак мае адбыць 3-месячны арышт


Менскі гарадскі суд пакінуў без зменаў вырак актывісту «Маладога фронту” Уладзіміру Яроменку. Актывіста прызналі вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што калегіі суддзяў спатрэбілася толькі сем хвілінаў, каб разгледзіць касацыйную скаргу актывіста.

Падчас паседжання касацыйнай інстанцыі Яроменак і ягоны адвакат сцвярджалі, што матэрыялы справы збіраліся незаконна, і сама крымінальная справа была таксама распачатая незаконна.

У прыватнасці, адвакат указала на тое, што пратаколы аб парушэнні прэвентыўнага нагляду Яроменкам, якое нібыта мела месца, складаліся са шматлікімі парушэннямі. Напрыклад, подпіс гаспадара кватэры, у якой Яроменак мусіў быць, адрозніваўся ў пратаколе ягонага допыту ды іншых матэрыялах справы. Але суд Першамайскага раёну, які 20 жніўня вынес абвінаваўчы вырак, вырашыў не прызначаць экспертызы почырку і не палічыў патрэбным выклікаць гэтага сведку. Нягледзячы на гэтыя ды іншыя згаданыя адвакатам парушэнні, Менскі гарадскі суд пакінуў вырак ніжэйшага суда ў сіле.

Зараз Уладзімір Яроменак мусіць чакаць выкліку з крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РУУСу для адбыцця трохмесячнага арышту.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары