У Віцебскім заапарку сімвал чэмпіянату свету па хакеі–2014 месіць нагамі бруд


Жыхарка Віцебску Кацярына даслала нам фотаздымкі з Віцебскага заапарку і распавяла, што жывёла там цярпіць і ўтрымліваецца ў жудасных умовах.

Замест неба - фоташпалеры.Замест неба – фоташпалеры.«Жывёліны перабываюць у вельмі сумным становішчы, – распавядае Кацярына. – Леў жыве ў клетцы на абсалютна голай бетоннай падлозе. Кракадзіл ледзь змяшчаецца ў сваю купальню. Паўсюль смярдзіць. Зубры – па калена ў брудзе».

«А найбольш кранаюць за сэрца птушкі, – працягвае дзяўчына. – Вельмі сумныя. Гэта проста з нейкай гумарэскі сюжэт: птушкі замест дрэваў і неба глядзяць на фоташпалеры».

Кацярына адзначае: бачна, што персанал заапарку стараецца нешта рабіць для жывёлы, але катастрафічна не хапае сродкаў.

Дырэктар заапарку Ірына Арлова адмовілася каментаваць уражанні Кацярыны: «Гэта ейнае суб’ектыўнае меркаванне. Прыязджайце – пабачыце, як усё выглядае насамрэч».

Малпа ў цеснай клетцыМалпа ў цеснай клетцыЭксперты: беларускія заапаркі не адпавядаюць міжнародным стандартам.

Маргарыта Пушкевіч, старшыня таварыства абароны жывёлы «Заасвет», кажа, што такая сітуацыя – і ў іншых заапарках Беларусі: «З віцебскім заапаркам шмат скаргаў было недзе гады тры таму, там увогуле ўсё было страшна – інакш не скажаш. Таксама мы займаліся гарадзенскім заапаркам – там амаль не вытрымліваліся нормы ўтрымання жывёлы, і нам паскардзіліся людзі».

Умовы ўтрымання жывёлы ў заапарку, паводле Маргарыты Пушкевіч, рэгламентуюцца Міністэрствам прыроды, але часта не выконваюцца. У той жа час грамадскім аб’яднанням вельмі цяжка на нешта ўплываць, бо амаль немагчыма прабіцца ў гэтую сферу, якая рэгулюецца дзяржаваю.

Зубр у віцебскім заапаркуЗубр у віцебскім заапарку«У Беларусі ўвогуле няма ніводнага заапарку, які б адпавядаў міжнародным стандартам, – падкрэслівае спадарыня Маргарыта. – У нашых заапарках – малыя цесныя клеткі, рэдка – невялікія вальеры. Якая жывёла там будзе пачувацца нармальна?»

Алена Цітова, старшыня грамадскага аб’яднання абароны жывёлы «Абаронім жыццё» адзначае, што жывёліны – бадзяжныя ці ў заапарках, цярпяць праз адсутнасць у Беларусі адмысловай прававой базы. «У Беларусі амаль няма заканадаўства ў дачыненні жывёлы, толькі артыкул 15.45. КаАП «Аб жорсткім абыходжанні з жывёлаю». Гэтак і не прынялі Закону аб абароне жывёлы. Тое, што жывёліны – у брудзе ці на голай падлозе, ненармальна. Мусяць быць умовы, адпаведныя віду жывёлы. Але са свайго досведу мы бачым, што чыноўнікі да гэтай праблемы абыякавыя».

Заапарк у Віцебску быў заснаваны ў 1992 годзе. Сёння ў заапарку можна пабачыць як беларускіх, гэтак і экзатычных жывёлінаў, птушак, рэптыліяў.

Яшчэ ў 2011 годзе заапарк мусіў пераехаць за горад, у мікрараён Білева, дзе распачалося будаўніцтва пляцоўкі пад самы вялікі ў СНД заапарк. Але пераезд адбыўся толькі часткова. Асноўная частка жывёлы дагэтуль застаецца ў цесным старым заапарку. Калі ж пераедзе канчаткова, дырэктарка Ірына Арлова таксама не сказала: «Як дабудуюць там усё. А калі гэта будзе – невядома».

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары