Хто псуе імідж Беларусі?


“Цікавая і пазітыўная інфармацыя пра Беларусь”

Цягам двух дзён у беларускай сталіцы будуць абмяркоўваць пытанне іміджу Беларусі. Адбудзецца гэта 5–6 снежня на спецыялізаваным форуме “Імідж Рэспублікі Беларусь: выгады і шляхі дасягнення”. У спіс арганізатараў гэтай сустрэчы ўваходзіць шэраг дзяржаўных органаў, а таксама “Гільдыя маркетолагаў”, “Беларуская дзяржаўная Акадэмія музыкі”, друкарня “Донарит” і рэкламны холдынг “SMG – Беларусь”.

Яшчэ на пачатку мінулага месяца Міністэрства замежных справаў нашай краіны прапанавала беларускім кампаніям разам фармаваць імідж Беларусі. Тады падчас прэзентацыі парталу “Беларусь. Факты” (інтэрнэт-рэсурс, дзе на сямі мовах размешчаная “цікавая і пазітыўная інфармацыя пра Беларусь”) прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства нашай краіны прапанаваў магчымасць паўдзельнічаць “буйным кампаніям, банкам, фірмам-экспарцёрам ды іншым патэнцыйным донарам” у фінансаванні інфармацыйных праектаў розных кірункаў.

“Апошняя дыктатура і Тымаці Бэл”

На фоне будучага чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, віленскага саміту “Усходняга партнёрства”, што адбудзецца напрыканцы лістапада, і не самага спрыяльнага для беларускай эканомікі інвестыцыйнага клімату дзяржава вырашыла зноў паспрабаваць змяніць імідж нашай краіны ў свеце. У краінах Заходняй Еўропы за намі ўжо даволі моцна замацаваўся негатыўны брэнд “апошняя дыктатура Еўропы”. Гэтак Беларусь акрэсліваюць журналісты галоўных еўрапейскіх выданняў ад Лісабону да Варшавы.

У 2008 годзе гэтую сітуацыю спрабаваў выправіць брытанскі PR-менеджар, кіраўнік рады дырэктараў кампаніі “Chime Communications” Тымаці Бэл. Адпаведная дамова з урадам Беларусі была падпісаная ў ліпені 2008-га. Галоўнаю задачаю Бэла было “данесці больш праўдзівае ўяўленне пра Беларусь у процівагу вобразу, створанаму ў сусветных медыях”. Але ў 2009 годзе кантракту з Бэлам урад Беларусі не працягнуў.

У канцы 2012 года кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін выклаў у “Фэйсбуку” 32-старонкавую квартальную справаздачу Бэла аб выкананай працы. У справаздачы сцвярджалася, што ў шэрагу кірункаў ёсць прагрэс. А сярод такіх кірункаў было стварэнне ўмоваў дзеля разблакавання фінансавых актываў асобаў, на якіх Еўразвяз наклаў абмежаванні ды санкцыі, прапаганда эканамічных поспехаў, дасягнутых пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Была ў “плане Бэла” і мэта растлумачыць еўрапейскім палітыкам стратэгічную ролю Беларусі ў дачыненнях з Масквою.

У справаздачы Лукашэнку рэкамендавалася даць інтэрв’ю папулярнаму міжнароднаму выданню і выпусціць апазіцыйных палітыкаў з турмаў (у 2009 годзе іх колькасць зменшылася з 19 да 5).

Паводле Тымаці Бэла, рэалізацыя ягонага PR-плану каштавала беларускім грамадзянам 10 млн еўраў.

Плошча, вязні ды лаянка Лукашэнкі

Пасля Плошчы-2010 ніякіх размоваў пра паляпшэнне іміджу Беларусі ў Еўропе і свеце і быць не магло: сотні арыштаваных, збіццё кандыдата ў прэзідэнты, “амерыканка”, прэвентыўныя арышты. Словам, сапраўдная зачыстка. Выйсці з гэтай сітуацыі з чыстымі рукамі Лукашэнку нават каралева Элізабэт не дапамагла б.

У 2011 годзе да “апошняй дыктатуры ў Еўропе”, тварам якой, безумоўна, ёсць Аляксандр Лукашэнка, дадаліся і эканамічныя антыбрэнды: высокія дэвальвацыйныя рызыкі, інфляцыя, падзенне ВУП, адток інвестыцыяў. Але і сам Аляксандр Лукашэнка прыклаў усе творчыя намаганні, каб сапсаваць рэпутацыю Сінявокай. Сярод такіх антыбеларускіх “дыверсіяў” нашага кіраўніка можна назваць выказванні пра гомасексуальнасць былога міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, зусім не дыпламатычны зварот да кіраўніка Еўрапейскай камісіі Жузэ Мануэла Барозу, у свой час перапала і ўкраінскім палітыкам, якіх Лукашэнка абвінаваціў у “вашывасці”. Вось так і пілуе ўжо другое дзесяцігоддзе кіраўнік краіны слабенькую іміджавую галінку, на якой сам жа сядзіць.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў