Што будзе з беларускімі крэдытамі і дэпазітамі? Эксклюзіўнае інтэрв’ю


Калі ўрэшце ў Беларусі патаннеюць крэдыты, што робіць Нацбанк, каб паправіць сітуацыю ў эканоміцы і чаго чакаюць камерцыйныя банкі? Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення «МТБанку», адказвае на пытанні журналіста «Белсату».

{movie}Што будзе з беларускімі крэдытамі і дэпазітамі?|right|13275{/movie}

– Узровень ставак па крэдытах застаецца досыць высокі. Чаму пры ўзроўні стаўкі рэфінансавання на тым узроўні, які ён ёсць, атрымаць крэдыт можна толькі пад адсотак, большы нават у два разы?

– Стаўка рэфінансавання, якая цяпер – 23,5 %, на жаль, – не мера рэальнага кошту дэпазітаў, адштурхоўваючыся ад якой банкі фармуюць стаўкі па крэдытах. Па дэпазітах цяпер на рынку сярэдні ўзровень 45–50 %, што, у сваю чаргу, у 2 разы больш за стаўку рэфінансавання, таму, натуральна, крэдытныя стаўкі яшчэ большыя, бо банк заўсёды прыцягвае грошы пад пэўны адсотак, дадае сваю маржу і выдае крэдыты. Відавочна, што крэдытныя стаўкі не могуць быць ніжэйшыя за стаўкі па дэпазітах.

Нацыянальны банк стаўку рэфінансавання стараецца змяняць вельмі рэдка, каб не ствараць вобразу змены і падаражання рэсурсаў эканомікі.

Але якая прычыны таго, што стаўка рэфінансавання не адыгрывае той ролі, якую мае адыгрываць?

– Напэўна, цяпер прычына больш светапоглядава-ідэалагічная. Бо аб’ектыўна стаўку рэфінансавання мусяць павысіць да ўзроўню, адпаведнага рэальнаму стану грашовага рынку. Але Нацыянальны банк, у сваю чаргу, стаўку рэфінансавання стараецца змяняць вельмі рэдка, каб не ствараць вобразу змены і падаражання рэсурсаў эканомікі. Цяпер стаўка рэфінансавання адарваная ад рэальнага стану рынку. Да якога часу так будзе? Напэўна, пакуль дэпазітавыя стаўкі самі не знізяцца да стаўкі рэфінансавання.

– Атрымліваецца, стаўка рэфінансаванне адыгрывае тэхнічную ролю?

– Да яе, безумоўна, прывязаныя некаторыя рэальныя эканамічныя працэсы. Напрыклад, разлік ставак пені. Але аб’ектыўна яе роля другасная.

– Нацбанк і ўрад хочуць стаўку рэфінансавання зніжаць у наступным годзе. На якім ўзроўні яна мае знаходзіцца, каб быць аб’ектыўнаю?

– Яе можна зніжаць і далей, калі яна будзе заставацца такою «тэхнічнаю». Але нашмат важней для рэальнага сектару і для насельніцтва, каб рэальна змяняліся дэпазітныя і крэдытныя стаўкі. А стаўка рэфінансавання можа і заставацца на тым жа ўзроўні, можа і зніжацца.

– Пры якіх умовах крэдытныя і дэпазітныя стаўкі могуць пачаць рух? Вядома, хацелася б, каб гэта быў рух уніз…

– Адзіным фактарам тут застаецца змена дэвальвацыйных чаканняў. Чаму стаўкі высокія? Бо толькі па такіх стаўках укладальнікі гатовыя змяшчаць беларускія рублі ў банкі. Калі мы ўзгадаем, у сярэдзіне года быў момант, калі ішоў цыкл змяншэння ставак і стаўкі па дэпазітах дайшлі да 25 % гадавых. І ў гэты момант ужо меншая колькасць укладальнікаў гатовая была змяшчаць беларускія рублі і частка укладальнікаў пачала пераводзіць ашчаджэнні ў валюту. Відавочны ціск на валютны курс і Нацыянальны банк, і банкі былі вымушаныя павышаць стаўкі. Гэта не «ручны» працэс, гэта працэс, выкліканы рыначнаю канкурэнцыяй. Рэальна аказалася, што ніжэй за 25 % стаўкі не могуць зніжацца без ціску на валютны рынак. Калі пазней наступіць час, што стаўкі пачнуць зніжаць і акажацца, што мы на той стадыі, калі нават 15 % будуць прывабнымі для ўкладальнікаў, тады гэты ўзровень можна будзе прызнаць раўнаважным. Цяпер, на жаль, узровень даверу да рубля змушае стаўкі быць высокімі.

Дзяржаўны сектар часцей за ўсё – менш эфектыўны, чымся прыватны. Наступны рывок эканоміка ў стане дасягнуць толькі пасля паўнавартаснай прыватызацыі.

– Нядаўна вы казалі, што змяненне сітуацыі на фінансавым рынку залежыць ад структурных рэформаў ува ўсёй эканоміцы. Якія рэформы гэта мусяць быць?

– Я перакананы, фінансавая сфера – адлюстраванне таго, што адбываецца ў рэальным сектары. Не так даўно, можа з тыдзень таму, мне ўдалося пабываць на Кастрычніцкім эканамічным форуме. Там была цудоўная ілюстрацыя таго, якім эканамічны рост Беларусі быў да цяперашняга моманту і чаму магчымасці для росту аказаліся вычарпаныя. Логіка вось у чым: да нядаўняга часу беларуская эканоміка сапраўды развівалася перадусім за кошт такога фактару, як павелічэнне капіталу. Адбывалася шырокамаштабная мадэрнізацыя, абнаўленне асноўных фондаў, але пры гэтым, на жаль, эфектыўнасць фактараў вытворчасці – капіталу і працы – увесь гэты час у Беларусі зніжалася. Змяніць гэта можа толькі змена самой структуры эканомікі. Цяпер яна, як я лічу, неэфектыўная, бо большаю часткаю дзяржаўная. А так ужо атрымліваецца, што дзяржаўны сектар часцей за ўсё – менш эфектыўны, чымся прыватны. Наступны рывок эканоміка ў стане дасягнуць толькі пасля паўнавартаснай прыватызацыі і з’яўлення больш эфектыўнага ўласніка тых капіталаўнёскаў, якія за апошнія гады сапраўды былі запампаваныя ў эканоміку.

– Гэта працэс даўгі, і пакуль што Нацбанк спрабуе рэгуляваць сітуацыю так, як можа, адміністрацыйнымі сродкамі. Ці сапраўды былі нейкія ўказанні абмежаваць выдачу крэдытаў?

– Сапраўды, ёсць супольная пастанова Нацбанку і Савету Міністраў, у якой яны ўзялі на сябе абавязальніцтва забяспечыць скарачэнне тэмпаў росту крэдытавання эканомікі да 3 % у 4 квартале. У сярэднім гэта 1 % на месяц і прыкладна такі ўзровень росту крэдытных партфеляў Нацыянальны банк у выглядзе вусных рэкамендацыяў давёў да банкаў. Відаць, з надзеяй на тое, што неўзабаве гэта з’явіцца ў выглядзе афіцыйнага дакументу. Але цяпер гэта на ўзроўні пажаданняў, якія Нацбанк давёў да ведама камерцыйных банкаў.

– Ці не ўзнікне ў банкаў праблемаў, бо вы працягваеце прымаць дэпазіты па вялікіх стаўках, а крэдыты ўжо выдаваць не можаце?

– Безумоўна, праз нейкі час, калі сапраўды адбудзецца зніжэнне крэдытных партфеляў ці прынамсі знізіцца тэмп іх росту, то з часам для банкаў зменшыцца прывабнасць дэпазітаў. Гэта, у тым ліку, павінна паслужыць прычынаю, каб пачаць зніжэнне ставак па дэпазітах.

– Варта чакаць, што гэтыя абмежавальныя захады на крэдытаванне прывядуць да патанення крэдытаў?

– Гэта пазітыўнае наступства такога рашэння. І гэта адбудзецца, але не імгненна. Ёсць часовы прамежак паміж разуменнем, што цяпер дэпазітаў можна не прыцягваць, бо крэдыты нельга выдаваць у ранейшых аб’ёмах. Праз нейкі час банкі пачнуць паступова змяншаць адсоткавыя прапановы.

Гутарыў Аляксей Мінчонак

Стужка навінаў