Восем гадоў на вяршыні. У Беларусі няма роўных БАТЭ


У чэмпіянаце Беларусі па футболе гуляць яшчэ два туры, але ўжо вядомыя імёны прызёраў і каманда, якая пакіне найвышэйшую лігу. Пра гэта афіцыйна можна гаварыць пасля 30-га туру чэмпіянату, які адбыўся ў Беларусі ў гэтыя выходныя.

Упершыню чэмпіянат краіны прайшоў паводле новай формулы. Спачатку дванаццаць камандаў згулялі два туры (22 гульні), пасля чаго разбіліся на дзве шасцёркі і маюць правесці яшчэ дзесяць гульняў (на гэты момант адбылося восем). У першай частцы змаганняў барацьба ішла за ўзнагароды, у другой – за права застацца ў элітнай лізе. Новая сістэма гульняў мае як плюсы, так і недахопы. Галоўны мінус – цікавасць да футболу губляецца ў правінцыі – Бабруйску, Берасці, Магілёве. Зусім інакш, да прыкладу, успрымаецца гульня з «Нафтанам», калі нейкі клуб мае шанец пагуляць з БАТЭ або менскім «Дынама».

Перад стартам чэмпіянату адмыслоўцы назвалі трох фаварытаў чэмпіянату: БАТЭ, «Шахцёр» і менскае «Дынама». У выніку гэтыя каманды і сталі прызёрамі турніру. Хоць менскае «Дынама» і не загарантавала сабе яшчэ бронзавага медаля, бо мусіць набраць дзеля гэтага ў дзвюх будучых гульнях адзін бал, няма сумневу, што менчукі гэта зробяць.

Афіцыйна чэмпіёнам БАТЭ стаў, калі ў Жодзіна 9 лістапада з лікам 3:1 перагуляў мясцовае «Тарпеда». Сёлета барысаўская каманда не адразу выйшла ў лідары. Першую частку чэмпіянату выгуляў салігорскі «Шахцёр». Гэтак, пасля першага туру каманда Уладзіміра Жураўля апярэджвала БАТЭ на шэсць балаў, пасля другога розніца была толькі адзін бал. А 21 верасня дружына з Барысава перамагла ў Салігорску з лікам 3:0, выйшла на першае месца ў турнірнай табліцы і лідарства ўжо нікому не аддала. БАТЭ не ведае роўных з 2006 года. З гэтага часу беларускі футбольны флагман выгуляў восем чэмпіянатаў запар. Усяго ў БАТЭ дзесяць чэмпіёнскіх званняў, яшчэ былі перамогі ў 1998 і 2002 годзе. Гэткім не можа пахваліцца ніхто, у былога флагмана – менскага «Дынама» – толькі 7 перамог у чэмпіянаце, а апошняе чэмпіёнства датуецца 2004 годам.

БАТЭ правеў не самы лепшы свой сезон. Гэтак, упершыню за апошнія гады вылецеў з Лігі чэмпіёнаў ужо ў першым раўндзе, саступіў «Шахцёру» з Казахстану. Але золата чэмпіянату краіны – зноў у Барысаве.

«Шахцёр» праваліў другую палову чэмпіянату, у сямі апошніх гульнях салігорскі клуб не выгуляў ні разу (усяго дзве нічые), але запасу трываласці было дастаткова, каб стаць другім. Другое месца «Шахцёр» аформіў, згуляўшы 0:0 з менскім «Дынама» 9 лістапада. Галоўная праблема каманды з Салігорску – кароткая лаўка запасных і фінансавыя цяжкасці, якія накрылі асноўнага спонсара каманды «Беларуськалій» у другой частцы года.

Менскае «Дынама» кожны год гучна заяўляе, што будзе змагацца за чэмпіёнства. Але, у адрозненнн ад БАТЭ, дзе Анатоль Капскі выбудаваў выразную сістэму, «бела-блакітным» не стае стабільнасці. Алігарх Юрый Чыж мяняе трэнераў як пальчаткі. Чыж набыў «Дынама» ў пачатку 2000-ных і з гэтага часу змяніў 27 галоўных трэнераў. Славутага Алега Пратасава ў хадзе сезону змяніў галандзец Роберт Мааскант. Але выніку няма.

БАТЭ правеў не самы лепшы свой сезон. Гэтак, упершыню за апошнія гады вылецеў з Лігі чэмпіёнаў ужо ў першым раўндзе, саступіў «Шахцёру» з Казахстану. Але золата чэмпіянату краіны – зноў у Барысаве. Адзначым, што сезон БАТЭ пачынаў пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарэнкі, а пасля таго, як трэнер перабраўся ў расейскую «Кубань», ягоную справу працягнуў Аляксандр Ярмаковіч. Звернем увагу на яшчэ два цікавыя факты. Паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч стаў першым футбалістам у гісторіі – дзесяціразовым чэмпіёнам Беларусі. І ўжо вядома, што самы зорны гулец Беларусі Аляксандр Глеб у наступным годзе не будзе гуляць у БАТЭ і, хутчэй за ўсе, перабярэцца ў «Кубань» да Віктара Ганчарэнкі.

А развітваецца з найвышэйшаю лігаю мазырская «Славія», гэта стала вядомая пасля таго, як 10 лістапада каманда Юрыя Малеева саступіла дома футбольнаму клубу «Менск» 1:2. Другі няўдачнік вызначыцца ў пераходных матчах паміж адзінаццатаю камандаю найвышэйшай лігі і другою ў першай лізе. У гэтых гульнях рызыкуюць аказацца магілёўскі «Дняпро”, наваполацкі «Нафтан», берасцейскае «Дынама» і ФК «Менск». На павышэнне ў класе прэтэндуюць «Слуцк» і «Гарадзея», якія лідаруюць у першай лізе. Пакуль жа футбольная грамадскасць чакае 200-га гола ў межах чемпіянатаў Беларусі ад Рамана Васілюка. Найлепшы бамбардзір у гісторыі суверэннага беларускага футболу прыедзе ў складзе ФК «Менск» у роднае Берасце на гульню супраць мясцовага «Дынама» 23 лістапада. У гэты дзень Раману споўніцца 35 гадоў.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў