У Горадні працягваюць знішчаць традыцыйную забудову


Гэтым разам ахвяраю добраўпарадкавання стаў стогадовы драўляны дамок на вуліцы Віленскай – у суботу яго цалкам зруйнавалі.

Відавочцам разбурэння стаў гарадзенец Мечыслаў Супрон, які сфатаграфаваў, як разбуралі дом, і выклаў здымкі ў сваім блогу.

Спадар Мечыслаў паразмаўляў з рабочымі, што разбіралі дом. Яны паказалі яму старажытныя паперы, якія знайшлі падчас дэмантажу – некалькі дзесяткаў падшывак судовых справаў 2-й паловы ХІХ ст. Руйнаванне рабочыя патлумачылі тым, што дом псуе выгляд вуліцы і хутка на яго месцы пабудуюць нешта новае.

Дакументы, знойдзеныя падчас руйнавання. Фота supron-licvin.livejournal.comДакументы, знойдзеныя падчас руйнавання. Фота supron-licvin.livejournal.com«Але я сумняюся, бо гэткіх будынкаў знеслі некалькі дзесяткаў, а на іх месцы садзілі газон, і толькі, – адзначыў гарадзенец. – Унікальнасць Горадні, як самага еўрапейскага гораду Беларусі, – якраз у старажытнай непаўторнай архітэктуры. А ўлады ператвараюць горад у пустэчу».

Начальнік аддзелу ідэалогіі Гарадзенскага гарвыканкаму Віталь Мамачкін сцвярджае, што пустэчы, аднак, на гэтым месцы не будзе. Да Х Фестывалю культураў у чэрвені 2014 года на месцы зруйнаванага паўстане такі ж з выгляду, але новы дом.

«Дом быў у прыватнай уласнасці, яго прадалі з аўкцыёну, не гісторыка-культурная каштоўнасць, таму ўласнік мог з ім зрабіць, што захацеў, – патлумачыў начальнік аддзелу ідэалогіі. – Экспертыза дала заключэнне, што дом – у аварыйным стане. Згоду на знос дало Міністэрства культуры. Мы толькі выставілі ўмову, каб гэткі самы дом там адбудавалі».

Віталь Мамачкін мяркуе, што, хутчэй за ўсё, у новым доме размесцяць адміністрацыйна-гандлёвыя памяшканні.

«Гэта – адзін з тых дамоў, што зносіліся і будуць яшчэ зносіцца ў Горадні»

Таццяна Касатая, гарадзенскі гісторык і краязнаўца, расказала, што знос дамка на Віленскай стаў для яе поўнаю нечаканасцю. «Калі на мінулым тыдні ўбачылі вакол гэтага дамка плот, то ўзрадаваліся, бо думалі, што яго будуць рамантаваць. Ніякай інфармацыі наконт таго, што яго знясуць, не было. Апошнія гады ў гэтым дамку ніхто не жыў, таму можна было нечага такога чакаць… Але ўсё роўна знос стаў нечаканасцю».

Спадарыня Таццяна падкрэсліла, што дом, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя, вельмі добра ўпісваўся ў гарадзенскі ландшафт і сімволіку, быў часткаю традыцыйнай забудовы Горадні, меў цікавыя архітэктурныя рысы.

Блогер Мечыслаў заўважыў, што дом быў пакрыты ўнікальнаю керамічнаю дахоўкаю, якую рабочыя акуратна складалі ў кучкі падчас дэмантажа.

«Гэта – адзін з тых дамоў, што зносіліся і будуць яшчэ зносіцца ў Горадні, бо яны не ўнесеныя ў Спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, заканадаўствам не ахоўваюцца, і вельмі цяжка паўплываць на тое, каб іх неяк захаваць, – з жалем заўважыла спадарыня Таццяна. – Ды і не імкнуцца драўляныя дамкі ўносіць у Спіс, бо іх цяжка захоўваць, таму так складана за іх змагацца».

Гэтак званае добраўпарадкаванне вядзецца ў Горадні з 2005 года. За 7 гадоў працаў горад згубіў ужо не адзін архітэктурны помнік.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў