Вярхоўны суд задаволіў просьбу «Белсату»


Слуханне справы супраць незалежнага тэлеканалу перанеслі на 9 снежня.



Вярхоўны суд палічыў, што «Белсат», атрымаўшы позву толькі 5 лістапада, меў замала часу, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. Знайсці адваката тэлеканалу таксама за гэты час не ўдалося, а ў некаторых дакументах, якія перакладалі з расейскай мовы на польскую, былі памылкі. Адзіным прадстаўніком незалежнага тэлебачання ў судзе быў Міхась Янчук, які і папрасіў суд даць адтэрмінаванне ў разглядзе справы. Вярхоўны суд выканаў просьбу прадстаўніка «Белсату», перанёсшы працэс на 10-ю гадзіну 9 снежня. Прысутны ў судовай зале пазоўнік, спадар Белякоў, пагадзіўся з рашэннем суда.

«Белсат» сягнуў мэты, якую паставіў на цяперашнім этапе. Дадзены нам час мы выкарыстаем, каб абгрунтавана падрыхтавацца да далейшай абароны», – зазначыў афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу ў Беларусі Міхась Янчук.

У суд на «Белсат» падаў спадар Андрэй Белякоў, які сцвярджае, што тэлебачанне незаконна выкарыстоўвае свой таварны знак. Фірма «БЕЛСАТплюс», якая належыць пазоўніку, займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання ды радыётэхнічнага абсталявання. Назва фірмы «БЕЛСАТплюс» узнікла толькі ў 2006 годзе. Дагэтуль фірма належала іншай асобе і называлася «Хайтэх-маркет».

«БЕЛСАТплюс» не хоча грашовай кампенсацыі. Адзінае патрабаванне фірмы – каб спадарожнік «Astra» прыпыніў трансмісію сігналу тэлебачання «Белсат».

«Відавочна, нам намагаюцца ўскладніць існаванне. У Еўразвязе ўсе вельмі лічацца з літараю закону, асабліва з аўтарскімі правамі, таму ўлады Беларусі намагаюцца стварыць уражанне, што мы працуем не ў згодзе з законам. Таксама, я мяркую, вырак у гэтай справе будуць выкарыстоўваць, каб чарговы раз адмовіць нам у акрэдытацыі», – скаментавала позву дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Белсат» транслюецца са спадарожніка «Astra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), пазіцыя 4,8˚E [1], палярызацыя H [2], частата 12 380 МГц, штодзённа з 7:00.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў