Майкі, якія раздражняюць улады. У Менску ізноў затрымалі актывіста


Пасля мітынгу ў Лошыцкім парку міліцыянты схапілі жыхара Стоўбцаў Леаніда Смаўжа. Яго спынілі на прыпынку грамадскага транспарту невядомыя ў цывільным, паведамілі сведкі. Мужчына быў апрануты ў майку з надпісамі «За Беларусь без Лукашэнкі» і «За Беларусь без дыктатуры».

Паводле наяўных вестак, гэта жыхар Стоўбцаў Леанід Смоўж, які не належыць да нейкай партыі.

Як скаментаваў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (КХП-БНФ) Юрась Беленькі, перад пачаткам шэсця арганізатары рэкамендавалі спадару зняць майку, бо за прысутнымі назіралі міліцыянты. Вядома, што тыдзень таму пасля мітынгу ў Курапатах затрымалі і асудзілі на трое содняў арышту гамельчука Юрыя Рубцова, апранутага ў майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Аднак, паводле Беленькага, мужчына адмовіўся здымаць майку, заявіўшы, што такім чынам ён выказвае сваю пазіцыю.

Хутчэй за ўсё, затрыманага даставілі ва УУС Ленінскага раёну Менску, на тэрыторыі якога месціцца Лошыцкі парк.

Учарашнія шэсце і мітынг у Лошыцкім яры, дзе ў 30-я гады мінулага стагоддзя расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, былі прымеркаваныя да Дня памяці продкаў Дзяды і санкцыянаваныя Менскім гарвыканкамам ды сабралі прыблізна 70 чалавек. Арганізатарам гэтай акцыі, як і акцыі ў Курапатах 3 лістапада, ёсць КХП-БНФ.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары