Дзяды ў Лошыцкім яры: шэсце і мітынг


Шэсце пачалося ад Палацу культуры «Лошыцкі». Яго ўдзельнікі – больш за 50 асобаў – накіроўваюцца да Лошыцкага яру, аднаго з дзевяці месцаў у сталіцы, дзе ў 1930–40-я гады органы НКВД расстрэльвалі бязвінных людзей.

Удзельнікі шэсця нясуць прыблізна 20 сцягоў – бел-чырвона-белыя і з сімволікаю Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (КХП-БНФ), якая ёсць арганізатарам акцыі. Людзі таксама нясуць расцяжкі з надпісамі: «Дзяды», «Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ», «Беларуская салідарнасць – наш супраціў расейскай акупацыі». Некаторыя ўдзельнікі шэсця спяваюць патрыятычныя песні і перыядычна скандуюць «Жыве Беларусь!».

Калону ўзначальваюць кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў, Валерый Буйвал. Старшыня партыі Зянон Пазняк, як вядома, ужо шмат гадоў застаецца ў палітычнай эміграцыі.

Калону суправаджаюць людзі ў цывільным, якія вядуць відэаздымкі акцыі. Каля ДК «Лошыцкі» стаяць два аўтобусы: адзін – з міліцыянтамі ў цывільным, другі – для перавозу затрыманых (аўтазак).

У Лошыцкім яры каля памятнага знаку ў гонар нявінна расстраляных запланавалі мітынг.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў