Лукашэнка загадаў распачаць крымінальныя справы ў сітуацыі вакол «Барысаўдрэву»


Пасля «пятнічнага разносу» Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што праграму мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны сарвалі. Пра гэта гаворыцца ў адмыслова падпісаным указе, паводле якога Генеральная пракуратура і МУС маюць распачаць крымінальныя справы.

Вінаватыя «прызначаныя»

Падчас візіту на прадпрыемства «Барысаўдрэў» Аляксандр Лукашэнка асабіста вызначыў вінаватых у зрыве мадэрнізацыі. Сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Менскага аблвыканкаму Барыс Батура, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур, генеральны дырэктар «Будаўнічага трэсту № 21» Мікалай Бусалаў, яшчэ некалькі высокіх чыноўнікаў атрымалі вымову.

Чыноўніцкае крэсла захісталася і пад першым віцэ-міністрам Уладзімірам Сямашкам – Лукашэнка загадаў Адміністрацыі прэзідэнта «ўнесці прапановы аб адпаведнасці займанай пасады» Сямашкі.

Лукашэнка дачакаецца «цукеркі»?

Калі год таму кіраўнік краіны наведваў «Барысаўдрэў», даручыў да 7 лістапада 2013 года завершыць мадэрнізацыю гэтага прадпрыемства: «Давайце дамовімся наконт тэрмінаў – 7 лістапада наступнага года тут мусіць быць «цукерка».

Цяпер кіраўнік краіны даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю стварыць адмысловую камісію, што зоймецца правяраннем выканання праграмы мадэрнізацыі. Да 1 снежня камісія мае адсправаздачыцца кіраўніку краіны. Адначасова з дзяржкантролем такі даклад мае падрыхтаваць прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Сваім указам Аляксандр Лукаэнка ўвёў асабістую адказнасць за выкананне праграмы мадэрнізацыі на старшыняў аблвыканкамаў, кіраўнікоў канцэрну «Беллеспаппрам» і кіраўнікоў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў