У Берасці можа з’явіцца вуліца Каліноўскага. Падтрымайма?


На грамадскае абмеркаванне вынеслі назву новай вуліцы, якая паўстала пасля будаўніцтва транспартавай развязкі «Заходні абыход» у раёне Берасцейскай крэпасці.

Першапачаткова планавалася надаць вуліцы назву «Таможная» («па-беларуску»), што, на думку філолагаў, непрымальна. З улікам меркавання адмыслоўцаў, а таксама пасля апытання ў сацыяльных сетках, берасцейскія ўлады вырашылі надаць вуліцы іншую назву. Берасцейскі «Малады фронт» звярнуўся да мясцовых уладаў з прапановаю назваць вуліцу ў гонар славутага сына беларускай зямлі – Кастуся Каліноўскага.

Сваю прапанову маладафронтаўцы тлумачаць некалькімі прычынамі:

1. Сёлета адзначаецца 150 гадавіна нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

2. Берасце (горад і крэпасць) былі беспасярэдне звязаныя з падзеямі паўстання (праходзілі рэйды інсургентаў у ваколіцах гораду, удзельнікі адбывалі пакаранне ў мясцовай турме, якая месцілася ў крэпасці).

3. Наданне назвы новай вуліцы не звязанае з перайменаваннем старой, таму бюджэт гораду не панясе дадатковых выдаткаў.

4. Чэмпіянат свету па хакеі ды іншыя спартовыя падзеі прыцягнуць турыстаў, якія, паводле міжнародных даследаванняў, прагнуць спазнаць каларыт краіны, што выяўляецца таксама ў назвах вуліцаў.

5. Берасце – гэта заходняя брама Беларусі, і годная назва новай вуліцы, непадалёк Варшаўскай шашы, паспрыяе фармаванню пазітыўнага іміджу як гораду, так і краіны.



Падтрымаць ідэю «Маладога фронту» можа кожны з нас. Прапановы наконт назвы вуліцы ўлады гораду просяць накіроўваць на адрас афіцыйнага выдання гарвыканкаму да 20 снежня 2013 года: газета «Берасцейскі веснік», 224005, г. Берасце, Міцкевіча 25 або на пошту: brestvestnik@mail.by

МЯ, belsat.eu, паводле mfront.net

Стужка навінаў