Дзе яны, маладыя львы-палітыкі, вартыя прэзідэнцкага крэсла?


Дарогу маладым – прыкладна так можна перафармуляваць заяву апазіцыйнага палітыка Аляксандра Мілінкевіча адносна будучых прэзідэнцкіх выбараў. У якасці канкурэнта дзейнаму кіраўніку краіны лідар руху “За свабоду” бачыць маладога кандыдата ад апазіцыі. Пры гэтым сённяшні стан дэмакратычных сілаў кандыдат 2006 года ацаніў як найгоршы. Што мусіць зрабіць апазіцыя, каб прынамсі паспрабаваць перамагчы?

Наступныя прэзідэнцкія выбары чакаюцца праз два гады. Час падрыхтавацца ў апанентаў дзейнага кіраўніка дзяржавы нібыта ёсць. Але насамрэч Лукашэнку нічога не замінае перасунуць дзень выбараў на год раней. І на гэта ёсць важкія эканамічныя прычыны.

{movie}Дзе яны, маладыя львы?|right|13260{/movie}АЛЯКСАНДР СТАРЫКЕВІЧ, ПУБЛІЦЫСТ:

Чарговай дэвальвацыі, прычым маштабнай, рэзкай дэвальвацыі, пазбегнуць да канца 2015 года вельмі цяжка. І таму не выключаны варыянт, што прэзідэнцкія выбары пасунуць на 2014 год”.

Ёсць і дадатковыя абставіны. Напрыклад, чэмпіянат свету па хакеі, што пройдзе ў Менску і будзе скарыстаны як свята дзяржаўнасці ды стабільнасці. І калі апазіцыя не пачне рыхтавацца да выбараў ужо цяпер, на ўсю выбарчую кампанію ў яе застанецца не больш за пяць месяцаў.

АЛЯКСАНДР МІЛІНКЕВІЧ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

Нам трэба перамагчы хоць бы ў розумах людзей, людзі маюць адчуць, што яны ж набралі 60 % ці 70 %, тады яны могуць выйсці на вуліцу. Калі мы набіраем 10 %, то на вуліцу выйдзе малая жменька людзей”.

Аляксандр Мілінкевіч не дарма называе такія лічбы. Паводле незалежных сацыялагічных даследаванняў, на сёння рэйтынг апазіцыйных палітыкаў нізкі як сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, так і сярод стомленых рэжымам беларусаў. “Каго вы ведаеце з апазіцыі?” – такое пытанне мы задалі менчукам.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Не цікавімся палітыкаю, хоць гэта і няправільна”.

“Статкевіч, Бандарэнку”.

“Я іх увогуле не прызнаю, я сваю дзяржаву прызнаю”.

“Мне Мілінкевіча спадабалася праграма”.

Паводле Аляксандра Старыкевіча, наступны кандыдат на прэзідэнта мусіць адпавядаць жорсткім патрабаванням народу. Быць кандыдатам большасці.

АЛЯКСАНДР СТАРЫКЕВІЧ, ПУБЛІЦЫСТ:

Мае быць прывабны кандыдат, якому павераць, за якім няма шлейфу паразаў. І які сапраўды можа перамагчы”.

Мы паспрабавалі ўявіць, хто з маладых вядомых дэмакратычных палітыкаў можа ўпершыню ўзяць удзел у кампаніі. Сустаршыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, па-першае, яшчэ не мае неабходных 35 гадоў, па-другое, зусім нядаўна выйшаў з турмы. Экс-палітвязень – і прадстаўнік хрысціянскіх дэмакратаў Павал Севярынец. А паводле закону, у кандыдата не можа быць непагашаных судзімасцяў, кажа былы юрыст Ігар Рынкевіч.

ІГАР РЫНКЕВІЧ, КІРАЎНІК ЛІГІ «ГРАМАДЗЯНСКІ ВЕРДЫКТ»:

Тыя судзімасці, паводле якіх былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці нашыя палітычныя дзеячы, яны падпадаюць пад шэраг артыкулаў, згодна з якімі два гады мусіць быць пасля адбыцця пакарання, два гады ад асноўнага і дадатковага віду пакарання”.

Таксама з маладых палітыкаў, што не былі пад судом, можна прыгадаць старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і прадстаўнікоў руху “За свабоду” Юрася Губарэвіча і Алеся Лагвінца. Асабняком стаіць Вольга Карач, кіраўніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” з Віцебску.

ІГАР РЫНКЕВІЧ, КІРАЎНІК ЛІГІ «ГРАМАДЗЯНСКІ ВЕРДЫКТ»:

Улады будуць баяцца жанчыну-кандыдата, і будзе рабіцца ўсё, каб такой кандыдатуры не ўзнікла”.

Небяспека для апазіцыйных кандыдатаў ідзе і ад іх саміх. Як паказалі мінулыя кампаніі, што маладыя, што старыя дэмакратычныя палітыкі часта не могуць не сварыцца міжсобку.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў