ФСБ вырашыла паставіць кропку ў справе забойства Старавойтавай


Былога дэпутата Дзярждумы абвінавацілі ў арганізацыі расстрэлу вядомай расейскай палітычнай дзяячкі.

Абвінавачванне выставілі зэку

Федэральная служба бяспекі Расеі сцвярджае, што знайшла арганізатара забойства дэпутата Дзярждумы РФ Галіны Старавойтавай. Абвінавачванне ўжо выставілі былому дэпутату і бізнесоўцу Міхаілу Глушчанку, якія цяпер адбывае васьмігадовае пакаранне за вымаганне ў адной з піцерскіх кампаніяў $ 10 млн.

Выстаўленне абвінавачання адбылося напярэдадні 15 гадавіны смерці Старавойтавай. Яе забілі ў ноч на 21 лістапада 1998 года ў Санкт-Пецярбурзе. У той вечар расейская палітычная дзяячка вярнулася ў паўночную сталіцу Расеі з Масквы і, паводле версіі следства, наёмныя забойцы «вялі» яе з аэрапорту аж да самага дому. Атрымаўшы два агнястрэльныя раненні, Старавойтава памерла на лесвіцы свайго дому.



У ноч забойства.

«За выстаўленнем абвінавачання хаваюцца іншыя матывы»

Паводле справы Старавойтавай суд Санкт-Пецярбургу ўжо прыгаварыў на тэрмін ад 11 да 23,5 гадоў дзвюх асобаў. Паводле версіяў некаторых праваабаронцаў, ужо асуджаныя далі дадатковыя паказанні ды ў выніку справа забойства Старавойтавай набыла новы паварот.

Якія доказы віны Глушчанкі маюцца ў ФСБ, пакуль невядома. Але відавочна, што ў сувязі з даўнасцю гадоў будаваць абвінавачанне, хутчэй за ўсё, будуць на паказаннях сведкаў.

Такімі сведкамі могуць стаць пецярбургскі бізнесоўца Сяргей Шаўчэнка і Юры Колчын (былы прапаршчык Галоўнага выведчага ўпраўлення), асуджаны, як тэхнічны выканаўца забойства Старавойтавай.

Адвакат Глушчанкі перакананы, што новых абставінаў, якія сведчаць пра віну ягонага кліента ў справе Старавойтавай, няма. За выстаўленнем абвінавачання хаваюцца іншыя матывы: следства хоча асудзіць невінаватага чалавека, бо з нядаўніх часоў зрабіць гэта стала прасцей, тлумачыць абаронца расейскаму выданню «Gazeta.ru».

«Да сённяшняга дня ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс РФ ўнесеныя змены, якія дазваляюць накіраваць справу аб арганізацыі забойства Старавойтавай у раённы суд, а не ў суд прысяжных, – кажа Аляксандр Афанасьеў. – Больш за тое, мы будзем пазбаўленыя магчымасці звярнуцца ў Вярхоўны суд па абарону сваіх правоў. Вяршыняю судзейскай іерархіі ў справе Старавойтавай стане суддзя гарадскога суда Пецярбургу…». Якія менавіта матывы хаваюцца за выстаўленнем абвінавачання Глушчанку, адвакат выданню не патлумачыў.

Моцная палітычная фігура

На думку сястры Галіны Старавойтавай – Вольгі, Міхаіл Глушчанка мог быць датычны да забойства. Такую думку яна выазала ў тэлефоннай размове з журналістамі тэлеканала «НТВ».

Пецярбургскія следчыя, якія цяпер займаюцца расследаваннем забойства Старавойтавай, адмаўляюцца даваць якія-кольвек каментары адносна хады справы.

Міхаіл Глушчанка быў дэпутатам ад фракцыі ЛДПР у Дзярждуме другога склікання ў 1995–1999 гадах. У той жа час ад Санкт-Пецярбургу ў склад Дзярждумы абралі і Галіну Старавойтаву, якая за словам ў кішэню не лезла. Востра крытыкавала камуністаў, была ініцыятарам закону аб люстрацыі, які мусіў забараніць займаць дзяржаўныя пасады працаўнікам КДБ і былым сябрам КПСС. Старавойтава хоць і выклікала палярныя рэакцыі ў расейцаў, была палітыкам дэмакратычнай арыентацыі, яе не заўважалі ў датычнасці да якіх-кольвек скандалаў. А напрыканцы 90-х у Расеі такіх скандалаў было дастаткова. Яна была вельмі моцнаю палітычнаю фігураю. Анатоль Сабчак (першы мэр Санкт-Пецярбургу) прарочыў ёй бліскучую палітычную кар’еру.



Галіна Старавойтава і Барыс Ельцын. 1991

Справы беларускіх зніклых ды іншародныя элементы

Справа Старавойтавай была балёчым мазалём для дзейнага прэзідэнта Расеі доўгія гады. Замежныя журналісты не давалі Пуціну спакою з пытаннем, хто забіў Старавойтаву. А ў сваёй нядаўна апублікаванай кнізе Маша Гесэн (амерыканская і расейская журналістка) «Чалавек без твару: неверагоднае ўзыходжанне Уладзіміра Пуціна» заўважае, што Старавойтава была іншародным элементам сістэмы, які мог гэтую сістэму знішчыць (у 1998 годзе Уладзімір Пуцін быў кіраўніком ФСБ). «Пуцін зрабіў кар’еру ў андропаўскім КДБ… Калі Андропаў быў амбасадарам у Будапешце, на яго зрабіў моцнае ўражанне той факт, што маладыя венгры спачатку заклікалі да дэмакратыі, затым пачалі пратэставаць супраць камуністычных уладаў, а потым паднялі зброю супраць рэжыму і нават лінчавалі парачку людзей з таемнай паліцыі. Пуцін перажыў нешта падобнае ў 1989 годзе ў Дрэздэне, калі там прайшлі масавыя пратэсты і разграмілі штаб-кватэру «Штазі» – усходненямецкай таемнай паліцыі. У выніку абодва яны прыйшлі да адной і той жа высновы: размовы пра дэмакратыю вядуць да пратэстаў, а пратэсты вядуць да нападаў на чэкістаў, таму трэба спыняць любыя размовы пра дэмакратыю, пакуль справа не зайшла занадта далёка», – піша ў сваёй кнізе Гесэн.

Канец 90-х і пачатак 2000-х у Беларусі таксама адзначаны чорнымі плямамі на мапе палітычнай гісторыі Беларусі. З 1999-га да 2000 года ў нашай краіне знік адзін з тагачасных лідараў беларускай апазіцыі Юры Захаранка, палітык Віктар Ганчар, уплывовы бізнесовец Анатоль Красоўскі і калісьці асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі Зміцер Завадскі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усё яны сталі ахвярамі «эскадронаў смерці» (узброеных падраздзяленняў, што ствараюцца ці заахвочваюцца дзяржаваю для выкрадання, знішчэння і запалохвання злачынцаў ці прадстаўнікоў апазіцыі). Беларуская апазіцыя вінаваціць Аляксандра Лукашэнку і некаторых беларускіх сілавікоў у дачыненні да гэтых знікненняў.

Крымінальныя справы па іхным знікненні не раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў. Родныя і блізкія ўжо страцілі надзею даведацца праўду.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў