У Менску праходзіць беспрэцэдэнтны фестываль кіно пра музыку


Агенцтва «Bo Promo» вядомае нам сваёй апантанаю любоўю да музыкі. Яго кіраўнік Аляксандр Багданаў (або Тата Бо) ужо даўно ладзіць канцэрты і фэсты, возіць нашыя гурты за мяжу і прывозіць нам замежных музыкаў.

У інтэрнэце працуе і «Радыё Бо» – для тых, хто ніяк не ўжывецца на адной прасторы са звычайным беларускім ФМ-радыё. Цяпер «Bo Promo» займаецца яшчэ і кіно пра музыку. Гэткі незвычайны фестываль пад назваю «Белае люстэрка» стартаваў на сталічнай пляцоўцы ЦЭХ.

{movie}У Менску праходзіць беспрэцэдэнтны фестываль кіно пра музыку. Агляд падзеяў культуры (08.11.2013) |right|13246{/movie}«Мы ладзім кінапаказы, якія пазней суправаджаюцца музычнаю падзеяй, – кажа Багданаў. – Каб людзі маглі беспасярэдне акунуцца ў музычную атмасферу, якую яны пабачылі ў фільме».

Фестываль будзе цягнуцца да нядзелі, на розных пляцоўках: у Палацы мастацтваў, у кавярні «Loft» гледачы ўбачаць фільмы самых розных гадоў, адмыслова адабраныя куратарамі. Усе стужкі перадаюць цэлыя музычныя эпохі, паказваюць залюстэркавы свет вялікіх музыкаў. Не абыдзецца і без нямых фільмаў, агучаных беларускімі музыкамі ўжывую.

«На фестывалі прэзентуюць тры прэм’ерныя кінастужкі вялікага міжнароднага кіно. Гэта – «П’яны матрос» Сяргея Бадрова-старэйшага пра гурт «The Tiger Lillies», мультыплікацыйны фільм «Чыка і Рыта» пра кубінскага джазмэна і бразільскі фільм «Трапікалія» пра культурную рэвалюцыю ў 60-х гадах», – распавядае Багданаў.

Сёння ўначы ў «Лофт-кафэ» ў межах фестывалю пройдзе вечарына «Філ Бразіл», бавіцца на якой можна будзе да адкрыцця метро.

«Мы хацелі, каб людзям было прыемна, вось праўда, каб яны прыйшлі паглядзець добрыя фільмы, трапілі на цікавыя, не падобныя адно да аднаго музычныя мерапрыемствы. Мастацтва – гэта ж вялікая справа, яно разнявольвае людзей, робіць іх свабоднымі ды прыгожымі», – кажа Алена Аліва, яшчэ адная арганізатарак з «Bo Promo».

Скончыцца фестываль у нядзелю ў клубе «Re:Public» выступам вядомага англійскага кабарэ-бэнду «The Tiger Lillies».

Іншыя тэмы: У Музеі гісторыі беларускага кіно адкрылася выстава пра кінематограф Літвы. Макс Корж пачынаў як беларускамоўны рэпер на фоне бел-чырвона-белых сцягоў. Кіра Муратава на «Лістападзе» распавяла пра тое, як здымалі фільм «Вечнае вяртанне».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў