Пятнічны разнос. Батуру – у «ссылку», Тура – звольніць, Кабякову – вымова (абноўлена)


Падчас наведвання прадпрыемства «Барысаўдрэў» Аляксандр Лукашэнка прайшоўся па найвышэйшых чыноўніках. Старшыня Менскага аблвыканкаму будзе цяпер кіраваць «Барсаўдрэвам», намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур – звольнены, кіраўнік Адміністрацыі Андрэй Кабякоў атрымаў строгую вымову.

«Калі праз тры дні не выйдзе на працу, узбудзіць крымінальную справу», – даў указанне Лукашэнка адносна Батуры.

«Цукерка» за € 80 млн еўраў

Падобна, што кіраўнік дзяржавы не задаволены вынікамі мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай прамысловасці. У снежні 2012 года Лукашэнка падпісаў «прыгонны дэкрэт». Паводле новых нормаў, працаўнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў не толькі не могуць звольніцца без згоды кіраўніцтва, але і будуць вымушаныя вяртаць грошы, калі іх звольняць за парушэнне працоўнай дысцыпліны ці з іншых прычынаў. Дзеянне акту ахоплівала 9 прадпрыемстваў.

Калі год таму кіраўнік краіны наведваў «Барысаўдрэў», даручыў да 7 лістапада 2013 года завершыць мадэрнізацыю гэтага прадпрыемства.

«Давайце дамовімся аб тэрмінах: 7 лістапада наступнага года тут мусіць быць «цукерка», – запатрабаваў Лукашэнка.

Кошт інвестпраекту складае € 80,6 млн. Планавалася, што дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы ўжо праз два гады аб’ёмы вытворчасці павялічацца ў вартасным выражэнні больш як у пяць разоў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў