Дамы для супрацоўнікаў свінафермы алігарха Чыжа пабудуюць на касцях ахвяраў Галакосту.


Дамы для супрацоўнікаў свінафермы алігарха Чыжа пабудуюць на касцях ахвяраў Галакосту. На старым вайсковым стадыёне ў Валожыне, дзе ў вайну расстралялі сотні габрэяў, фірма алігарха Юрыя Чыжа «Трайпл» распачне будаўніцтва. Неабходныя дазволы мясцовыя ўлады ўжо выдалі і пераглядаць не маюць намеру.
{movie}Будоўля на касцях (07.11.2013) |right|13241{/movie}
Будаўніцтва новай свінафермы за грошы Юрыя Чыжа – сапраўдны знак бяды для валожынцаў. Па-першае, большасць працаўнікоў мясцовага СПК, замест якога і паўстане ферма, звольняць, па-другое, па раёне папаўзлі чуткі, што ў радыусе пяці кіламетраў ад новай фермы забароняць гадаваць свіней. Але акрамя матэрыяльных наступстваў, ёсць і духоўныя: дамы для працаўнікоў гаспадаркі Чыжа маюць пабудаваць на магілах ахвяраў Галакосту.

СЯРГЕЙ МАЛЯЎСКІ, ЖЫХАР ВАЛОЖЫНА:
«У вайну там расстрэльвалі габрэяў. У былым памяшканні вайсковага клуба была часовая нямецкая турма. Там шмат каго трымалі».

Першымі пад нямецкія кулі трапілі не толькі габрэі, але і тыя, хто ім дапамагаў.

ГЕОРГІЙ КАРЖАНЕЎСКІ, ЖЫХАР ВАЛОЖЫНА: «Па 10 чалавек прыгналі сюды, на стадыён, яны выкопвалі сабе ямы, а тады іх расстрэльвалі».

На месца пахавання спадар Георгій прыходзіць рэгулярна. Як быць потым, калі на касцях паўстануць жылыя дамы, – не ведае. Будоўлю ж ужо распачынаюць.

ГЕОРГІЙ КАРЖАНЕЎСКІ, ЖЫХАР ВАЛОЖЫНА:
«Менавіта тут у гэтым рагу ад лясгасу з левага боку пракапалі. Напэўна, яны ўсё ведаюць, але я не ведаю, хто гэтым кіруе».

Тыя ж, хто кіруе, – мясцовыя чыноўнікі – запэўніваюць, што на месцы будоўлі пахаванняў не было, а былі яны побач. Маўляў, дзе стаіць помнік, там і пахаванне. Аднак ці сапраўды памятны знак яму адпавядае? Наконт жа таго, што жылыя дамы будуць у такім месцы, чыноўнікі кажуць, што і так увесь Валожын стаіць на касцях. Чаму ж яны ідуць на гэта свядома?

УЛАДЗІМІР РАМАНОЎСКІ, ГРУПА «ЗА ЎРАТАВАННЕ КУРАПАТАЎ»:
«Гаворка пра страту маральных асноваў. А далей сапраўды ўсё вырашаюць грошы. Гэта і ў адносінах да Курапатаў, і да Драздоўскага пахавання – туды таксама наступае горад. У гэтай сістэмы ўлады, якую мы называем наглядчай, сістэмы маральных крытэраў няма».

Што пацвярджае і валожынская будоўля, усе неабходныя дазволы на якую ўжо атрымалі. Пытанне ж магчымых раскопак, а таксама, калі гэта спатрэбіцца, перапахавання парэштак, на парадку дня ў мясцовым райвыканкаме не стаіць.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў