Мікіта Ліхавід падакараў Захад ды праехаўся па апазіцыі


Паводле найноўшых сацыялагічных даследаванняў, каля 65 % маладых беларусаў (ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў) гатовыя з’ехаць з Беларусі за мяжу. Але ці чакаюць беларусаў за мяжою? Ці дапаможа эміграцыя знайсці свой шлях у жыцці ды наколькі рэальная «амерыканская мара» там, за бугром? Адказаць на гэтыя пытанні мы папрасілі былога палітвязня, 23-х гадовага Мікіту Ліхавіда.

На Захадзе не кожная луста хлеба мёдам намазаная

Былы палітвязень Мікіта Ліхавід, асуджаны за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў увечары 19 снежня 2010 г.: «Людзі думаюць, што калі з’едуць за мяжу на працу, усё будзе проста, як у амерыканскіх фільмах. Але самі таго не ўсведамляюць, што не ў працы справа. Яны хочуць з’ехаць з Беларусі, каб забыць пра яе, як пра кашмарны сон. (…) Людзей пужае шэрасць. Ім падаецца, што на Захадзе і неба больш блакітнае, і трава зелянейшая. Але насамрэч без асаблівых напружванняў атрымаць усё і адразу – такое толькі ў казках бывае». Актывіст з разуменнем ставіцца да тых, хто хоча з’ехаць, але ў той жа час адзначае, што пры жаданні зарабіць можна дзе заўгодна, нават у Афганістане.

Правільная моладзевая палітыка з няправільнымі метадамі

Нягледзячы на тое, што большасць маладых беларусаў марыць пра Захад, эміграцыю, прыстойныя заробкі, Мікіта Ліхавід станоўча ацэньвае моладзевую палітыку беларускай дзяржавы. «Галоўны яе плюс – не культывуецца г. зв. ліберальны корань, як на Захадзе. (…) Напрыклад, свабоднае каханне, лёгкія наркотыкі, усёдазволенасць. У гэтым сэнсе дзяржава спрабуе захаваць, хоць і не заўсёды правільнымі метадамі, адзінства маралі».



Беларуская апазіцыя – гэта мярцвецкі нудна

Узгадаўшы беларускую апазіцыю і яе ўплывы на беларускую моладзь, Мікіта Ліхавід эмацыйна заўважыў, што «беларуская апазіцыя – гэта мярцвецкі нудна». Размовы ні пра што, крывавы рэжым, які есць на сняданне немаўлятаў з часныком, незразумелыя і далёкія ад моладзі праблемы ніяк не кранаюць – тлумачыць Ліхавід. Беларуская апазіцыя не ў стане рэпрэзентаваць інтарэсаў моладзі. «Няма такой арганізацыі, якая б сказала: мне не падабаецца праграма гэтага кандыдата, я не павяду за ёй людзей. (…) У нас кожны сам сабе начальнік. Два беларусы і тры партыі. Калі мы працуем на адну ідэю, то давайце працаваць, а так кожны цягне на сябе па пяць гэтых моладзевых актывістаў. Цягаюць іх туды-сюды, туды-сюды. Звозяць іх у Вільню. Яны там пасядзяць, невядома навошта. Згубяць 2–3 дні на семінарах. Ды і едуць туды, толькі каб набыць сабе вопратку патанней і набыць сабе нешта з алкаголю. І гэта ні для каго не сакрэт, але усцяж закрываюцца нейкімі высокімі дэмакратычнымі каштоўнасцямі, – шчыруе Ліхавід. – Гэта глупства! Калі так будзе і надалей, то дажывем да таго моманту, прабачце за выраз, пакуль Гасподзь не вырашыць, што Аляксандр Рыгоравіч дастаткова пражыў. То мы так і будзем пры ім сядзець».

{movie}Мікіта Ліхавід пахваліў моладзевую палітыку ўладаў Беларусі ды праехаўся па апазіцыі |right|13226{/movie}

Меркаванні экспертаў на тэму моладзевай эміграцыі. {movie}Моладзь хоча ехаць (07.11.2013) |right|13233{/movie}

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў