У Асіповіцкім раёне вяскоўцы, ратуючы свой сельсавет, згадвалі Кастуся Каліноўскага


Свіслацкі сельскі савет у Асіповіцкім раёне ўлады вырашылі скасаваць і падзяліць яго тэрыторыю паміж суседнімі сельсаветамі. Жыхары вёскі Свіслач адкрыта выступілі супраць гэткага падзелу, а на сходзе спаслаліся на дзейнасць лідара беларускіх паўстанцаў.

Сабраўшы каля 700 подпісаў супраць скасавання сельсавету, жыхары Свіслачы вымусілі раённыя ўлады правесці грамадскі сход, які адбыўся 6 лістапада. На ім прысутнічалі каля 80 мясцовых жыхароў і прадстаўнікі Асіповіцкага райвыканкаму. З прамоваю выступаў старшыня раённага Савету дэпутатаў Аляксандр Пузік. Неабходнасць скасавання сельсавету ён тлумачыў пастановаю Савету Міністраў, згодна з якою межы адной гаспадаркі маюць адпавядаць межам аднаго сельсавету. Мясцовае ж сельгаспрадпрыемства «Белшына-Агра» займае тэрыторыю трох сельсаветаў.

Пры з’яўленні ў будынку сельсавету журналістаў «Белсату» мясцовыя ідэалагічныя працаўнікі выразна занепакоіліся і спрабавалі выгнаць журналістаў. Адзіны прызнаны сродак масавай інфармацыі, паводле іх, які мог бы асвятляць мясцовыя афіцыйныя падзеі, – гэта асіповіцкая раённая газета. Але мясцовыя жыхары заступіліся за журналістаў і настаялі на іхнай прысутнасці, бо, як адзначылі, не маюць чаго хаваць.

Вяскоўцы баяцца закрыцця школы і дзіцячага садка

У Свіслачы, паводле выхавацелькі Свіслацкага дзіцячага санаторыю Ніны Сакавай, няма ніводнага жыхара, які б падтрымаў скасаванне сельсавету: «Наш сельсавет вырашылі разадраць на часткі. Сёння ўсе жыхары ўзняліся на абарону сваёй бацькаўшчыны. Ніводнага чалавека тут няма, хто б быў «за».

Мясцовых жыхароў перадусім непакоіць тое, што ў Свіслачы могуць закрыць школу, дзіцячы садок. І хоць Аляксандр Пузік запэўніваў, што ўсё застанецца так, як ёсць, сярод людзей можна было пачуць: «Мы не верым ужо гэтым казкам».

«Відавочна, што будзе закрытая школа, пацярпіць сацыяльная сфера, як скасуюць сельсавет, – упэўненая Ніна Сакава. – Ужо закрылі шпіталь, шмат дробных прадпрыемстваў не працуе, ды ідзе адток людзей».

«Сельсавет – гэта апора для нас, пенсіянераў, – кажа пенсіянерка Галіна. – Як дакументы – дык у сельсавет. Усе пытанні – у сельсавет. Працаўнікі сельсавету абходзяць двары, глядзяць, каму якая дапамога патрэбная. Знішчыць адну вёску лёгка, а вось пабудаваць яе, развіць – паспрабуйце!»

Старшыня Савету дэпутатаў хоць і пераконваў свіслачанаў у тым, што сацыяльная сфера застанецца некранутая, аднак абмовіўся, што тая ж школа – «гэта не толькі працоўнае месца для настаўнікаў, а таксама выдаткі на асвятленне, ацяпленне. А навучанне – гэта спаборніцтва. І вучню лепш будзе ў класе, дзе вучацца 20 чалавек, а не 4–5».

Словы паўстанца

Вельмі эмацыйна адстойвала сваю малую радзіму жанчына сталага веку, якая назвалася карэннаю жыхаркаю Свіслачы: «Мы ўжо вельмі шмат нарабілі таго, што не трэба было рабіць – і ў прыродзе, і ў гісторыі, а цяпер думаем, як вярнуць назад. Мы супраць, бо вы змяняеце статус Свіслачы. Тысячу гадоў Свіслач была адміністрацыйным цэнтрам. Вы хочаце гэта знішчыць. У Каліноўскага ёсць такі выраз: не народ для ўраду, а ўрад для народу. А працы ў вас вельмі шмат, акрамя таго, каб сельсавет дзяліць, і гэтая праца не робіцца, праблемы не вырашаюцца».

Свіслач – цэнтр Свіслацкага сельсавету ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. На сённяшні дзень у Свіслачы 672 жыхары, з іх 70 – дзеці.

Напрыканцы сходу старшыня раённага Савету дэпутатаў Аляксандр Пузік паабяцаў свіслачанам, што іхнае жаданне захаваць сельсавет ён перадасць у Магілёўскі аблвыканкам.

Свіслачане, аднак, не вельмі вераць абяцанням Пузіка, але спадзяюцца на лепшае і не збіраюцца кідаць змагання за сваю вёску.

{movie}Прыклад свіслачанаў (07.11.2013) |right|13237{/movie}

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў