Калі надыдзе беларуская рэвалюцыя?


«Была цікавая версія, што бульба «прысадзіла» ментальнасць беларусаў. Называлі хімічны складнік, які якраз і прыдушвае волю і пасіянарнасць», – падкрэсліў у праграме «Размова Мацкевіча» стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў.

{movie}Калі надыдзе беларуская рэвалюцыя? Сяргей Чыслаў у “Размове Мацкевіча” |right|13219{/movie}Паводле дзеяча, калі зазірнуць у гісторыю, то гэтая версія мае пэўныя падставы, бо беларусы былі больш актыўныя, калі не мелі бульбы. З гэтага б вынікала, што пакуль беларусы харчуюцца пераважна бульбаю, ніякіх рэвалюцыяў або сацыяльных зменаў у Беларусі не адбудзецца. Аднак, заўважыў спадар Чыслаў, жыхары Перу і Балівіі ў сваім штодзённым меню таксама маюць перадусім бульбу, аднак гэта не перашкаджае ім быць актыўнымі грамадзянамі ды змагацца за свае правы. «Сустрэць чалавека, у якога свецяцца вочы, там можна часцей, чым у роднай Беларусі, хоць яны ядуць тую самую бульбу. Таму не толькі ў бульбе праблема», – падкрэсліў госць «Белсату».

«Няма прагі, няма апантаных, хто хоча дарвацца да ўлады», – мяркуе стваральнік «Белага легіёну». Паводле яго, усіх пакуль задавальняе сам працэс барацьбы, які прыносіць пэўныя дывідэнды, а вынік гэтага працэсу мала каму цікавы.

Сам дзеяч вандруе па свеце, каб паглядзець, як функцыянуе тая ці іншая нацыянальная дзяржава, на якіх прынцыпах яна базуецца, але пакуль не пабачыў адпаведнай мадэлі, якую б варта было выкарыстаць у Беларусі. «Я звязваю гэта з сусветным крызісам ідэалогіі ў першую чаргу. Каб шчыра ісці ды весці за сабою людзей, мне трэба верыць самому», – адзначыў спадар Чыслаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў