“Падарунак” ад міліцыі напярэдадні чарговых угодак кастрычніцкай рэвалюцыі


У Менску затрымалі больш за дзясятак дэмакратычных актывістаў. Парадаксальна: пад хапун трапілі тыя, хто прыйшоў сустракаць з ізалятару арыштаванага за ўдзел у Дзядах калегу. А нядаўна вызваленага пасля амаль трохгадовага зняволення Змітра Дашкевіча адправілі за краты на трое содняў за збор подпісаў для пераназывання вуліцы Леніна. Што гэта, зачыстка напярэдадні ўгодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі?

{movie}Затрыманні ў Менску (06.11.2013) |right|13215{/movie}

І гэтак ужо шмат гадоў. Адныя – за тое, каб у краіне стаялі помнікі правадыру рэвалюцыі, іншыя адкрыта змагаюцца за дэсаветызацыю.

АПЫТАННЕ: “Мне і маім блізкім Кастрычніцкая рэвалюцыя шкоды не зрабіла”.

“Гэта чорная пляма для Беларусі”.

Гэтак апазіцыйная арганізацыя “Малады фронт” некалькі дзён таму пачала антыкамуністычную кампанію ў шэрагу рэгіёнаў краіны. Чарговы крок да дэкамунізацыі Беларусі – гэта збор подпісаў пад адмысловым зваротам у Савет Міністраў і Менскі гарвыканкам. Сярод галоўных патрабаванняў – вярнуць цяперашняй вуліцы Леніна ў сталіцы яе гістарычную назву – Францысканская.

НАСТА ПАЛАЖАНКА, «МАЛАДЫ ФРОНТ»: “У Беларусі не мусіць быць вуліцаў людзей, якія ва ўсім свеце лічацца катамі. У нас яны чамусьці героі”.

І хоць працэдура збору падпісаў мела выключна мірны характар, а ранейшыя антыкамуністычныя акцыі “Маладога фронту” былі нават больш радыкальныя, без увагі праваахоўных органаў яна не засталася. Лідара арганізацыі, яшчэ нядаўна палітзняволенага Змітра Дашкевіча, затрымалі. Неўзабаве суд Цэнтральнага раёну Менску агучыў вырак: трое содняў арышту за нібыта непадпарадкаванне міліцыі.



НАСТА ПАЛАЖАНКА, «МАЛАДЫ ФРОНТ»:
“Змітру далі трое сутак, каб яго ізаляваць да заўтрашняга дня. Таксама, каб даць сігнал іншым актывістам, каб яны не рыпаліся. І, таксама мяркую, што гэта асабістая помста Змітру”.

Зрэшты, гэта далёка не першы “падарунак” ад міліцыі прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасці напярэдадні чарговых угодак кастрычніцкай рэвалюцыі. Міліцыя ў Гомлі пачала раздаваць позвы мясцовым актывістам за ўшанаванне на Дзяды пакутніцкай смерці ахвяраў сталінізму. Таксама ў ізалятар правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску трапілі дзевяць грамадскіх актывістаў. Маладзёны прыйшлі сустракаць гамельчука Юрыя Рубцова, які выходзіў з-пад арышту пасля мітынгу ў Курапатах. Пасля ўсіх вызвалілі без складання пратаколу.

Заўтра ва ўсёй Беларусі, як і штогод, чарговыя ўгодкі кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаць на афіцыйным узроўні.

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў